Franz Ferdinand стануць «непрыгладжанымі і яршыстымі»

Шатландцы Franz Ferdinand пачалі працаваць у студыі над сваім новым альбомам. Ён стане паслядоўнікам «You Could Have It So Much Better», які быў выдадзены ў 2005-м годзе.

Увесь мінулы год музыкі пісалі новыя песні, і ў выніку падрыхтавалі 18 кампазіцый, з якіх на дыск будзе выбрана 11-12.

Цікава, што спачатку музыкі планавалі запісваць кружэлку ў адной з наварочаных лонданскіх студый, аднак потым вырашылі не мітусіцца і працягнуць працу ў сваёй «хатняй» студыі ў Глазга.

Паводле словаў франтмэна калектыву Алекса Капранаса, такі выбар яны зрабілі, бо дома ім «ніхто не перашкаджае і ніхто не стаіць над душой».

Дадам, што музыкі плануюць зрабіць альбом «непрыгладжаным і яршыстым». Маўляў, яны не жадаюць паўтарацца.

Фота: yuhra.livejournal.com

«Было б вельмі лёгка запісаць «You Could Have It So Much Better #2», але ў гэтым няма сэнсу. Дый гэтая праца не прынесла б радасці. Таму і было выдаткавана на падрыхтоўку матэрыялу так шмат часу. Ёсць надзея, што альбом будзе за межамі звыклага для гурта стылю. Ён будзе значна больш рок-н-рольным і дынамічным".

Алекс дадаў, што на яго погляд "галоўнай фішкай альбому стане яго «неідэальнасць», якая вельмі часта больш прывабная, чым сухая дасканаласць".

Выхад трэцяга студыйнага альбома Franz Ferdinand запланаваны на адзін з летніх месяцаў гэтага года.