Фрэдзі Мэрк'юры натхніў на стварэнне ювелірнай калекцыі

Легендарны франтмэн гурта Queen Фрэдзі Мэрк'юры натхніў знакамітага ізраільскага ювеліра Вудзі Бэра на калекцыю ўпрыгожванняў. На днях у ЗША была прадстаўлена яго новая калекцыя мужчынскіх і жаночых пярсцёнкаў, бранзалетаў і караляў пад назвай «Love - Made in Heaven: The Freddie Mercury Collection».

Паводле словаў аўтара, ва ўпрыгожваннях ён паспрабаваў захаваць Каханне, якім было прасякнутае ўсё жыццё і музыка вакаліста Queen.

Як казаў сам Фрэдзі, «з аднаго боку я мачо, і я гэты бок дэманструю на сцэне, але ўва мне ёсць і іншы, мякчэйшы бок, які растае як масла». І гэты мяккі бок Фрэдзі быў нічым іншым, як каханнем".

Таксама Бэр прызнаўся, што "калі шукаў натхненне для захоўвання духу Фрэдзі ва ўпрыгожваннях, то зразумеў, што каханне было сутнасцю яго жыцця і працы. Калі падумаць, то ўсе яго песні былі баладамі пра каханне. Менавіта таму кожны прадмет «Love - Made in Heaven: The Freddie Mercury Collection» упрыгожаны словам Love, у якім літара «о» выкананая ў выглядзе падвойнага трыкутніка з дыяментамі або напаўкаштоўнымі камянямі.

Таксама кожны выраб падпісаны эксклюзіўным подпісам «Made in Heaven» - у памяць пра адзін з самых вядомых сольных трэкаў Фрэдзі, імем якога пазней быў названы альбом Queen, што выйшаў у 1995 годзе ўжо пасля смерці Мэрк'юры".

Дадам, што «Love - Made in Heaven: The Freddie Mercury Collection» будзе прадавацца праз сайт кампаніі Love and Pride. Каштуюць упрыгожванні ад 200 да 20 000 долараў.

Частка сродкаў, атрыманых ад продажу каштоўнасцяў, будзе пералічаная ў дабрачынны фонд Mercury Phoenix Trust, які займаецца праблемамі СНІДу.

Фота: homepage.usask.ca