Фрыстайліст Зміцер Дашчынскі: Алімпіяда ў Ванкуверы – апошняя для мяне

Беларускі фрыстайліст Зміцер Дашчынскі заявіў, што плануе завяршыць кар'еру пасля зімовай Алімпіяды ў Ванкуверы. 31-гадовы спартовец, які мае “бронзу” Нагана’98 і “срэбра” Турына-2006, хвалюецца, што на наступных Алімпійскіх гульнях “стрэліць” не атрымаецца. “Алімпіяда — спецыфічныя спаборніцтвы, — цытуе сп. Дашчынскага сайт esport.by. — Магчымасць “стрэліць” ёсць толькі раз на чатыры гады, і не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Пакуль мне складана сказаць, які вынік я буду гатовы паказаць у Ванкуверы. Тым не менш, планую заняць адно з прызавых месцаў”.

Зміцер Дашчынскі ўжо двойчы наведваў Ванкувер. Падчас гэтых візітаў ён здзейсніў некалькі скачкоў “у тым жа фармаце, што і на будучай Алімпіядзе”.

“Месца кампактнае, ад цэнтра горада хвілін 20-30, — распавядае фрыстайліст. — Вышыня над узроўнем мора невялікая — 900 метраў. Побач акіян. У гэтую пару года ўжо цёпла. Таму ўзнікае шмат праблем — смуга, цяжкі і вільготны снег. Умовы вельмі складаныя. А для мяне асабліва.

Калі мы ў апошні раз там выступалі, наогул пайшоў дождж. Можа, камусьці і да спадобы так скакаць, а мне — не. Вядома, калі ты ў добрай спартовай форме, то на ўсё гэта менш зважаеш. Але тым не менш спаборнічаць тады цяжэй”.