Funeral For A Friend вяртаюцца да дэбютнага гучання

Валійскія альт-рокеры Funeral For A Friend збіраюцца прэзентаваць сваю новую студыйную працу.  Чацвёрты ў дыскаграфіі гурта альбом пад назвай «Memory And Humanity» з'явіцца ў музычных крамах 13 кастрычніка – роўна праз пяць год пасля выхаду дэбютніка «Casually Dressed and Deep In Conversation».

Паводле словаў музыкаў, па стылістыцы новы альбом бліжэй да першапачатковага цвёрдага гучання гурта, якое некалькі змякчэла на папярэдніх дысках. Тым не менш, удзельнікі калектыву спадзяюцца, што новая праца спадабаецца і тым прыхільнікам, якія адкрылі для сябе Funeral For A Friend дзякуючы «меладычна-інтэлігентным» лонгплэям «Hours» (2005) і «Tales Don't Tell Themselves» (2007).

Цікава, што пасля «Tales Don't Tell Themselves» музыкі планавалі выдаць міні-альбом з некалькімі песнямі, аднак у працэсе студыйных сесій так захапіліся, што запісалі больш дзесятка.

Запіс «Memory And Humanity» праходзіў на студыі Longwave у Кардыфе пры ўдзеле прадзюсара Рамеша Дадангода.

Папярэднічаць рэлізу кружэлкі 29 верасня будзе сінгл пад назвай «Kicking And Screaming».

Нагадаем, што Funeral For A Friend з'яўляюцца адным з самых паспяховых гуртоў брытанскай альтэрнатыўнай сцэны. Усе тры выдадзеных альбомы нязменна станавіліся «залатымі», а ў чартах былі прадстаўленыя агулам 20-ю сінгламі. Падчас сваіх гастрольных тураў музыкі аб'ехалі ўвесь свет, наведаўшы нават Тайланд і Сінгапур.

Фота: www.rocklouder.co.uk