Галівудскія акцёры абвясцілі байкот "Залатому глобусу"

Гільдыя акцёраў ЗША у пятніцу 4 студзеня абвясціла аб сваім намеры байкатаваць цырымонію ўручэння прэміі "Залаты глобус", паведамляе AFP.
Па словах старшыні Гільдыі Алана Розенберга, у байкоце прымуць удзел усе намінанты на прэмію, а таксама акцёры, запрошаныя ў якасці вядучых. Усе яны прынялі аднадушнае рашэнне падтрымаць бастуючых сцэнарыстаў.

Нагадаем, Гільдыя сцэнарыстаў ЗША абвясціла страйк 5 лістапада 2007 года. Гільдыя патрабуе ад Альянсу прадзюсараў кіна- і тэлефільмаў павелічэння адлічэнняў аўтарам сцэнарыяў, што павінна быць прапісана ў новым трохгадовым кантракце сцэнарыстаў і кінастудый.

Працяглы страйк сцэнарыстаў прывёў да спынення паказу шматлікіх папулярных тэлесерыялаў на амерыканскім тэлебачанні, а таксама да прыпынення працы над некаторымі фільмамі. Цырымонія ўручэння прэмій "Залатога глобуса" павінна адбыцца 13 студзеня 2008 года.