Галоўны дарожнік Мінску трапіў пад следства

Мінскія міліцыянты пачалі крымінальную справу на гендырэктара "Гаррэмаўтадору" Івана Гурыновіча. Як нагадвае "Ежедневник", менавіта гэты чалавек адказвае за ўсе сталічныя дарогі. Гурыновіча нібыта вінавацяць, што ён нанёс прадпрыемству шкоду ў 866 мільёнаў рублёў. Нібы з лістапада 2007 года па снежань 2008 года ён злоўжываў службовымі паўнамоцтвамі пры арганізацыі тэндараў на пастаўку і ўсталяванне ў Мінску павільёнаў на прыпынках аўтатранспарту. Тэндар ладзіўся ў рамках выканання інвестыцыйнай праграмы па прывядзенні сталіцы Беларусі ў еўрапейскі выгляд. Ужо ў 2009 годзе да якасці павільёнаў паўсталі сур'ёзныя прэтэнзіі з боку Камітэта дзяржкантролю.

Так, адзін павільён абыходзіўся бюджэту ў суму 5–6 мільёнаў рублёў. Пры гэтым павільёны нават не давалі пасажырам магчымасці абараніцца ад дажджу падчас чакання транспарту. Тым часам, прыватная структура, якая атрымала дзяржзамову, працягвала іх спраўна пастаўляць і ўсталёўваць.

Таксама Камітэт дзяржкантролю правярае акалічнасці рамонту сталічнай аўтадарогі на ўчастку Партызанскага праспекта паміж плошчай Ванеева і ўнівермагам "Беларусь". Паводле кантракту ўчастак мусілі здаць у кастрычніку, але, відаць, ужо не атрымаецца.