Гамельчукоў павіншавалі з Днём Волі

Актывісты гомельскай кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сіл 25 сакавіка на вуліцах горада павіншавалі яго жыхароў з 91-мі ўгодкамі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У 14 месцах масавага збору людзей — каля буйных крамаў, рынкаў, на вакзалах гамельчукам нагадваюць пра нацыянальнае свята і ўручаюць віншавальныя паштоўкі. У акцыі прымаюць удзел каля 40 чалавек, яны плануюць раздаць прыблізна 5 тыс. віншавальных паштовак. Акцыя праходзіць без здарэнняў, аднак невядомыя аператары вядуць відэаздымку падзеі.

Актывісты апазіцыі 25 сакавіка таксама маюць намер ускласці кветкі да месца, дзе стаяў дом дзеячкі БНР Палуты Бадуновай, а таксама на магілу дзеяча беларускага нацыянальнага руху Цімоха Вострыкава ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёна. Увечары ўсе ахвотныя змогуць прыняць удзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы, пасля якой адбудзецца канцэрт з удзелам гомельскіх бардаў.

БелаПАН