Гамяльчанін просіць адклікаць яго подпіс за Лукашэнку

Жыхар Гомеля Канстанцін Жукоўскі 13 кастрычніка накіраваў у Цэнтрвыбаркам заяву, у якой просіць адклікаць яго подпіс за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на прэзідэнта. У інтэрв’ю БелаПАН ён патлумачыў, што засумняваўся — за дзейнага кіраўніка дзяржавы ён аддаў подпіс ці за іншага чалавека з такім самым прозвішчам. У заяве ў ЦВК Жукоўскі піша, што 12 кастрычніка ён падпісваўся за Лукашэнку і на стэндзе пікета каля ўнівермагу “Гомель” бачыў дату нараджэння кандыдата — 31 жніўня. А сёння, 13 кастрычніка, на тым самым стэндзе было напісана, што Лукашэнка нарадзіўся 30 жніўня. Магчыма, гэта розныя людзі і нейкія махляры выкарыстоўваюць прозвішча прэзідэнта, тлумачыць спадар Жукоўскі.