Гамяльчанку будуць судзіць за ўсталяваны воданагравальнік

Пракуратура Гомельскай вобласці пачала крымінальную справу на жанчыну, якая самавольна паставіла ў сваёй кватэры газавы ацяпляльны воданагравальнік фірмы BOSCH. Праваахоўнікі адзначаюць, што дадатковае газавае абсталяванне было ўсталявана без неабходнага ўзгаднення ў належным парадку. А паколькі кватэра размяшчаецца ў шматкватэрным жылым доме з цэнтралізаванай сістэмай ацяплення, то ўсталяванне дадатковых газавых прыбораў для мэт ацяплення не прадугледжана праектам.

Жанчына не пускала ў сваю кватэру камунальнікаў, якія збіраліся дэмантаваць самавольую сістэму ацяплення. Цяпер ёй пагражае суд за самаўпраўства (арт.383 КК Рэспублікі Беларусь), паведамляе сайт Генпракуратуры Беларусі.