Гамяльчук збіў фельчара хуткай медыцынскай дапамогі
На 30-гадовага мужчыну пачалі крымінальную справу за хуліганства.
Інцыдэнт адбыўся раніцай 1 студзеня ў адным са шматкватэрных дамоў Гомеля. Прачнуўшыся зранку пасля святкавання Новага года, гаспадыня кватэры ўбачыла свайго госця на падлозе ў калідоры з разбітай галавой. Жанчына выклікала хуткую дапамогу. Пасля прыбыцця медыкаў прачнуўся п'яны гаспадар кватэры. Падчас агляду пацярпелага мужчына пачаў сябе весці агрэсіўна. Ён запатрабаваў, каб фельчар растлумачыў, што адбываецца і чаму ў яго госця разбітая галава.
22-гадовы фельчар папрасіў суседзяў спусціць пацярпелага на насілках уніз. Калі пацыента змясцілі ў машыну, на вуліцу выбег гаспадар кватэры. Ён разбіў бакавое шкло ў машыне, а калі з яе выйшаў фельчар, мужчына некалькі разоў стукнуў яго кулаком у твар.
Супакоіць буяна змагла толькі яго жонка. Тым не менш міліцыя затрымала мужчыну, ён змешчаны ў ізалятар часавага ўтрымання, адзначае БелаПАН.
Праваахоўнікі таксама высвятляюць, як атрымаў свае траўмы госць. Не выключана, што ён, быўшы п'яным, зваліўся і стукнуўся галавой.
Фота — shutterstock.com