Ганцаўчанка вінаваціць дактароў у тым, што давялі яе дзіця да рэанімацыі

Няправільна пастаўлены дыягназ, згубленыя флюараграфічныя здымкі, невыдзяленне аўтамашыны, каб экстрэнна даставіць хворае дзіця ў шпіталь у другі горад — гэтыя ды іншыя прэтэнзіі выстаўляе жыхарка Ганцавіч Ала Жалезная мясцовым медыкам. Свой адкрыты ліст яна надрукавала ў газеце "Ганцавіцкі час". Такое лекаванне прывяло да таго, што яе дачка-школьніца ледзь не памерла і трапіла з ганцавіцкай лякарні ў баранавіцкую рэанімацыю. Па словах ганцаўчанкі, толькі дзякуючы баранавіцкім медыкам удалося ўратаваць яе дачку. А ў Ганцавічах  дзіцяці не толькі некалькі разоў ставілі дыягназ (кожны раз іншы), а пры  вострай неабходнасці не знайшлі ні машыны, ні нават суправаджаючага медыка, каб даставіць дзяўчынку ў Баранавічы.