Ганчарэнка: Вынік удалы, хаця ехалі толькі за перамогай (Відэа галоў)

Барысаўскі БАТЭ згуляў унічыю з грэчаскім АЕКам 2:2. Гульня групавога раўнда Лігі Еўропы адбылася ўчора ў Афінах.
На пасляматчавай канферэнцыі трэнер нашай каманды Віктар Ганчарэнка назваў вынік удалым, хаця каманда ехала за перамогай.

“Зыходзячы з развіцця падзей на полі — хуткі гол і выдаленне — лічу вынік удалым. Паўтаруся, што ехалі толькі за перамогай і настройваліся толькі на перамогу, але дапусцілі шмат памылак”.

На жаль, сказаць, што БАТЭ сапраўды разлічваў на перамогу, цяжка. Барысаўчане нагадвалі хлопчыкаў для біцця. Першы гол у вароты Вярэмкі ўляцеў ужо на 15-й секундзе! Беларусы сабраліся і адказалі двума галамі: з перадачы Крыўца выхад сам насам рэалізаваў Віталь Радзівонаў, а ўжо праз некалькі хвілін Аляксандр Валадзько скарыстаўся памылкай варатара АЕКа і дальнім ударам вывеў БАТЭ наперад.

Аднак грэкі паспелі да перапынку зраўняць лік. Пасля розыгрышу штрафнога Густава Мандука галавой перакінуў разгубленага Вярэмку. У другім тайме грэкі шчыльна аселі на палове БАТЭ, не даючы барысаўчанам нават блізка падыходзіць да сваёй штрафной.

Гульня ў нашых не ішла як наперадзе, так і ў абароне. На шчасце, грэкі ніяк не маглі забіць у, здавалася б, стопрацэнтных момантах. Тройчы беларусаў ратавалі штангі.

Каб стрымаць напор АЕКа, БАТЭ даводзілася фаліць. Як вынік — 6 жоўтых картак і 1 чырвоная.

Пасля выдалення Шытава, барысаўчане зусім зашыліся ў сваёй штрафной і пра перамогу ўжо не ішло гаворкі. Нашым удалося датрымаць нічыйны лік да фінальнага свістка, а грэкам, нягледзячы на безліч момантаў і дзіравую абарону БАТЭ, не пашчасціла паквітацца за матч у Мінску.