Гайдукевіч пра кампрамат "СБ": Гэта настолькі смешна і балюча

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч абвяргае інфармацыю, надрукаваную пра яго ў артыкуле-"кампрамаце", які выйшаў сёння ў "СБ: Беларусь Сегодня". Па словах экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2001 і 2006 гадоў, напісанае пра яго — бязглуздзіца. Гайдукевіч: "Гэта настолькі смешна і балюча. Я двойчы кандыдат у прэзідэнты. У мяне свая пазіцыя. Як можна ўявіць сабе, каб я падтрымліваў Някляева. Гэта трызненне. Весці размову аб тым, што я кагосьці падтрымліваў, гэта трызненне. Пайсці падтрымліваць за мільён, каб яго забралі на наступны дзень!?".

Нагадаем, газета адміністрацыі прэзідэнта надрукавала “кампрамат на апазіцыю”. Сярод іншага ў артыкуле гаворыцца:

"А. Фядута паведаміў, што на яго ініцыятыўна выйшаў старшыня ЛДП С. Гайдукевіч, які прапанаваў за 1 мільён долараў паспрыяць кампаніі “Гавары праўду” па прасоўванні яе кандыдата на будучых выбарах і зняць сваю кандыдатуру ў яго падтрымку. Сябры Дырэктарата [кампаніі "Гавары праўду"] выказалі меркаванне, што гэта — правакацыя праваахоўных структур. А. Фядута заўважыў, што, магчыма, С. Гайдукевіч з’яўляецца правадніком дыялогу з уладай".

Каментуючы гэта, Сяргей Гайдукевіч пажартаваў, што яго занадта танна ацэньваюць.

фота: gorodgomel