Газавая вайна, 5 сезон

Беларусь перайшла ў контрнаступ. ДЗЕНЬ ЧАЦВЁРТЫ

13:09 "Газпрам" заплаціў за транзіт 228 млн долараў. Беларусь хоча 260 млн

Па звестках РІА "Новости", "Газпрам" аплаціў транзіт у адпаведнасці з кантрактам.

Беларускі бок настойвае на тым, што гэта няпоўная аплата за транзіт расійскага газу па тэрыторыі нашай краіны. Беларусь чакае, што "Газпрам" заплаціць 260 мільёнаў долараў.

Нагадаем, што зранку 24 чэрвеня "Газпрам" поўнасцю аднавіў пастаўкі газу ў нашу краіну.

ДЗЕНЬ ТРЭЦІ


19:04 "Газпрам" пакуль не пацвярджае, што Беларусь пагасіла запазычанасць

Пра гэта РІА "Новости" паведаміў афіцыйны прадстаўнік кампаніі Сяргей Купрыянаў. "Мы пацвердзім пагашэнне запазычанасці толькі пасля атрымання грошай, грошай на рахунку няма", - заявіў прадстаўнік "Газпраму".

Нагадаем, першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімір Сямашка заявіў у сераду пра пагашэнне запазычанасці краіны за газ перад "Газпрамам" у памеры 187 мільёнаў долараў. Пры гэтым у расійскім газавым холдынгу раней называлі крыху большую суму запазычанасці - 192 мільёны долараў.

Пытанне магчымага спынення Беларуссю транзіту газу 25 чэрвеня Купрыянаў каментаваць не стаў. Сямашка заявіў, што Беларусь патрабуе ад "Газпрама" пагасіць запазычанасць за транзіт газу па тэрыторыі краіны да 10 гадзінаў раніцы чацвярга, інакш транзіт будзе спынены.


17:56 Беларусь аплаціла Расіі запазычанасць і паставіла ультыматум

"Белтрансгаз" пагасіў "Газпраму" запазычанасць у памеры 187 млн долараў. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка 23 чэрвеня на экстранай прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Па яго словах, якія перадае БелаПАН, Беларусь пазычыла 200 млн долараў, з якіх 187 млн пайшлі на пакрыццё запазычанасці.

У сваю чаргу, Мінск запатрабаваў ад "Газпрама" да 10 гадзін раніцы 24 чэрвеня аплаціць запазычанасць за транзіт газу ў памеры 260 млн долараў. Калі гэта не будзе зроблена, Беларусь збіраецца спыніць транзіт вуглевадароднай сыравіны, заявіў Сямашка.


17:43 Літва дапаможа Беларусі з газам узамен на перанос АЭС

Літва пастараецца максімальна ўлічыць пажаданні Беларусі наконт газавага тэрмінала. Але гэта адбудзецца, толькі калі Беларусь прыме рашэнне аб месцазнаходжанні будучай АЭС, якое задаволіць і Літву.

Пра гэта заявіў літоўскі міністр энергетыкі Арвідас Сякмокас на сустрэчы з беларускім міністрам Аляксандрам Азярцом 22 чэрвеня, перадае партал Delfi.lt.

Беларусь сур'ёзна зацікавілася праектам будаўніцтва газавага тэрмінала ў Літве: яго аб'ёмам і магчымасцю будаўніцтва магістральных газаправодаў. Беларускі міністр не выключыў магчымасці ўдзелу Беларусі ва ўсіх гэтых праектах. "Мы, як і вы, хочам дыверсіфікаваць энэргетычныя крыніцы і зменшыць залежнасць ад расійскага газу", - адзначыў Аляксандр Азярэц.

Літоўскі міністр заявіў, што беларуская ініцыятыва важная літоўскаму боку, і двухбаковыя кансультацыі ў гэтай сферы працягнуцца. "Ужо сёлета мы прапануем Беларусі месца ў тэрмінале. Без сумневу, у пытанні тэрмінала мы гатовыя дапамагчы і, дыверсіфікуючы газавае спажыванне, пастараемся прыняць да ўвагі вашыя інтарэсы", - заявіў Арвідас Сякмокас.


15:10 Літва і Калінінград недаатрымліваюць 30% транзітнага газу з Расіі

Літва і Калінінградская вобласць недаатрымліваюць каля 30% прыроднага газу, які ідзе з Расіі транзітам праз тэрыторыю Беларусі. Пра гэта паведаміла РІА "Новости" са спасылкай на кампанію-пастаўшчыка газу Lietuvos dujos.

Паведамляецца, што змены ў дастаўцы прыроднага газу назіраюцца 23 чэрвеня прыкладна з 12 гадзін.


14:02 Уладзімір Сямашка ўхіліўся ад адказу на пытанне еўракамісара

Андрэй Елісееў

У размове з еўракамісарам па энергетыцы Гюнтэрам Отынгерам першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка не пацвердзіў, але і не абверг рэальнасць заявы Аляксандра Лукашэнкі пра спыненне транзіту расійскага газу ў Еўропу. Пра гэта на брыфінгу паведаміла прадстаўніца Еўракамісіі.

Яна адзначыла, што Еўракамісія знаходзіцца ў пастаянным кантакце з краінамі Еўрасаюза, якія могуць пацярпець ад спынення газавых паставак у выніку канфлікту — Літвой, Польшчай і Нямеччынай.

“Сёння а 8-й гадзіне Літва і Польшча паведамілі нам, што перашкодаў у пастаўках газу няма, аб'ёмы не зменшыліся. А значыцца, і ў Нямеччыны праблемаў не назіраецца”, ― распавяла прадстаўніца Еўракамісіі.

Дарэчы, на брыфінгу мусіў удзельнічаць і еўракамісар па пытаннях энергетыкі Гюнтэр Отынгер, але ён не здолеў прыйсці.

Еўракамісія яшчэ раз пацвердзіла, што цераз Беларусь ідзе толькі 6,25% газу ад усёй колькасці паліва, неабходнага для ЕС.


13:51 “Брэстэнерга”: генератары гатовыя працаваць на рэзервовых відах паліва

Яўген Бяласін

Дзяржаўная фірма “Брэстэнерга” ў сувязі з верагоднай неабходнасцю прымаць экстраныя меры па зберажэнні газу з-за “газавай вайны” паміж Расіяй і Беларуссю распаўсюдзіла праз свайго прэс-аташэ Алесю Літвінюк прэс-рэліз:

"Нашыя генератары цяпла гатовыя да таго, каб працаваць на рэзервовых відах паліва. На цяперашні момант Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Брэстэнерга” працуе ў нармальным рэжыме, без абмежаванняў, з выкарыстаннем газу".


12:22 Беларусь не парушае Энэргетычную хартыю, пагражаючы спыніць транзіт газу

Еўрарадыё

Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў аналітык Сяргей Чалы. Па словах эксперта, "вінаватай" у гэтым была... Расія, якая выступала супраць Энэргетычнай Хартыі:

Чалы: "Мы яе падпісалі, але Дамова абратыфікацыі не падпісаная дагэтуль. То бок, фактычна яна не ўступіла ў дзеянне. Гэта была расійская пазіцыя. Расія лічыла, што гэтая Хартыя была накіраваная цалкам супраць яе. І мы як саюзнік яе не ратыфікавалі".

Таму на думку эксперта, Беларусь не панясе ніякай адказнасці за парушэнне дакумента, якога не ратыфікавала. Акрамя таго сп.Чалы звяртае ўвагу на тое, што ўсе дамовы на атрыманне газу еўрапейскія краіны падпісвалі з Расіяй, а наша краіна ў іх удзелу не прымала.

Нагадаем, Генеральны сакратар Энэргетычнай хартыі Андрэ Мернье адрэагаваў на загад Аляксандра Лукашэнкі спыніць транзіт расійскага газу праз Беларусь у Еўропу. Прадстаўнік Еўропы заявіў, што беларускі кіраўнік не мае права перакрываць транзіт газу, бо гэта супярэчыць Энэргетычнай хартыі.


12:06 Еўракамісія рыхтуе заяву па “газавай вайне”

Еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Отынгер у 13.00 па беларускім часе зробіць заяву наконт расійска-беларускай “газавай вайны”. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар еўракамісара Марлене Хольцнэр.

Нагадаем, 22 чэрвеня Отынгер збіраўся тэлефанаваць першаму віцэ-прэм’еру Беларусі Ўладзіміру Сямашку і міністру энергетыкі Расіі Сяргею Шматко, каб высветліць сітуацыю вакол газавага канфлікту. 21 чэрвеня ў Бруселі адбылася сустрэча прадстаўнікоў Еўракамісіі з расійскімі экспертамі, а 22 чэрвеня ― з беларускімі.


11:50 Сяргей Міронаў крытыкуе пазіцыю "Газпраму" па Беларусі

Спікер расійскага Савета Федэрацыі Сяргей Міронаў лічыць, што "Газпрам" заняў залішне жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі.

Па словах Міронава, якія перадае РІА "Новости", калі гаспадарчы суб'ект аказвае занадта вялікі ўплыў на палітычныя пытанні, гэта празмерна.

Міронаў адзначыў, што адносіны "з братэрскім беларускім народам" Расія будуе ў рамках Саюзнай дзяржавы. Але ўзніклыя вострыя пытанні павінны вырашацца "ўзгоднена, як з блізкім саюзнікам".


11:25 "Газпром" пацвердзіў, што Беларусь заплаціла за травеньскія пастаўкі газу

"Белтрансгаз" аплаціў травеньскія пастаўкі расійскага газу. Сума плацяжу склала больш за 260 мільёнаў долараў, што адпавядае ўмовам кантракту. Пра гэта паведаміў 23 чэрвеня "Газпрам".

Як паведамляе РІА "Новости", сума плацяжу разлічаная "Белтрансгазам" у адпаведнасці з кантрактам на пастаўку газу ад 31 снежня 2006 года.

Разам з тым "Газпрам" заяўляе, што "Белтрансгаз" абавязаны неадкладна аплаціць назапашаную з пачатку 2010 года запазычанасць за пастаўкі расійскага газу ў Беларусь. Запазычанасць складае 192 мільёны долараў.


10:30 Транзіт газу з Расіі праз Беларусь ідзе ў поўным аб'ёме

Пра гэта паведаміў 23 чэрвеня кіраўнік "Газпраму" Аляксей Мілер. Па яго словах, якія перадае РІА "Новости", праблем у спажыўцоў расійскага газу ў Еўропе няма.


09:55 Еўрасаюз не будзе ўмешвацца ў газавую спрэчку Беларусі і Расіі

Пра гэта ў інтэрв'ю РІА "Новости" заявіў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк.

Па яго словах, падобныя крызісы ўжо адбываліся раней з Украінай і Беларуссю. Назіральнікі з ЕС прыязджалі ў гэтыя краіны і маглі даць аб'ектыўную ацэнку падзеяў. Бузэк адзначыў, што еўраструктуры не ўмешваюцца ў адносіны паміж дзвюма краінамі - гэта справа Расіі і Беларусі або Расіі і Ўкраіны. Еўрасаюз жа не будзе прымаць непасрэдны ўдзел у вырашэнні гэтага канфлікту.

Бузэк таксама выказаў надзею на тое, што газавыя спрэчкі паміж Мінскам і Масквой не паўплываюць на пастаўку паліва ў еўрапейскія краіны.


09:39 "Газпрам" зноў абмежаваў пастаўкі газу Беларусі

Расійскі газавы холдынг скараціў пастаўкі газу Беларусі на 60% ад планавых аб'ёмаў.

Пра гэта, па звестках РІА "Новости", паведаміў кіраўнік "Газпраму" Аляксей Мілер. Абмежаванне на 60% уведзенае з 9 гадзін па мінскім часе, заявіў Мілер на паседжанні аператыўнага штаба па сітуацыі з пастаўкамі газу ў Беларусь.

Нагадаем, "Газпрам" пачаў уводзіць абмежаванні з панядзелку. У аўторак кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў спыніць транзіт газу з Расіі ў Еўропу.
Расійскі газавы холдынг скараціў пастаўкі газу Беларусі на 60% ад планавых аб'ёмаў.


ДЗЕНЬ ДРУГІ

09:43 22.06.10. Лукашэнка загадаў перакрыць транзіт газу праз Беларусь

"Я загадаў цяпер ураду перакрыць транзіт праз Беларусь, пакуль не заплаціць за транзіт "Газпрам". Яны нам за гэтыя паўгады ні капейкі не заплацілі. Да якога цынізму і абсурду можна дайсці, калі ты павінен мне $260 млн., я табе — $190 млн., і ты пачынаеш мне за гэта заварочваць венціль", — цытуе словы кіраўніка краіны БЕЛТА.

23:32 Украінская апазіцыя: недапушчальна "зарабляць грошы" на газавай вайне

Алена Літвінава, Кіеў

Украінская апазіцыя крыткуе заяву прэм'ер-міністра Ўкраіны Мікалая Азарава пра магчымасць дадаткова транспартаваць у Еўропу ад 15 да 30 мільярдаў кубічных метраў газу ў сувязі з прыпыненнем транзіту праз тэрыторыю Беларусі.

Кіраўнік Цэнтральнага штабу БЮТ Аляксандр Турчынаў лічыць недапушчальным для Ўкраіны "зарабляць грошы" на газавай вайне між Беларуссю і Расіяй. "Можа хапіць магутнасцяў, але ж, думаю, што можа не хапіць розуму", — сказаў Аляксандр Турчынаў.

Экс-віцэ-прем'ер-міністр нагадаў, што ў 2009 годзе Расія такім жа чынам шантажавала ўрад Юліі Цімашэнкі. "Я ўзгадваю, як адчуваў сябе ўрад Украіны, калі менавіта такі шантаж выкарыстоўвалі супраць нас", — дадаў ён.

Аляксандр Турчынаў перакананы, што газавая вайна між Беларуссю і Расіяй павінна стаць нагодай для Ўкраіны для запачаткавання перамоваў з Расіяй пра спыненне будаўніцтва магістральных газаправодаў у абыход Украіны.

"Калі ўзнікаюць такія праблемы, нам трэба ставіць пытанне — або прыпыненне будаўнітцва газатранспартных метак у абыход Украіны, якраз ёсць магчымасць зараз абмеркаваць, а не як зарабіць на праблемах Беларусі. Нам трэба абмяркоўваць, як вырашыць пытанне не ў інтарэсах карпарацый, якія паразытуюць на гэтым рынку, а менавіта ў інтарэсах незалежнай дзяржавы. У такіх сітуацыях і ёсць магчымасць перамоваў. А не проста зарабіць грошы", — падкрэсліў Аляксандр Турчынаў.

18:29 Еўракамісар патэлефануе Сямашку, каб запытаць пра транзіт газа

Андрэй Елісееў

“Сёння ўвечары еўракамісар па пытаннях энергетыкі Гюнтэр Оцінгер патэлефануе міністру энергетыкі Расіі Шматкову, а таксама першаму віцэ-прэм'еру Беларусі Ўладзіміру Сямашку, каб высветліць становішча”, ― паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар Еўракамісара Марленэ Холцнер.

Экспертная сустрэча прадстаўнікоў Еўракамісіі з беларускім бокам 22 чэрвеня завяршылася “без канкрэтных вынікаў”. Прадстаўнікі Еўракамісіі нагадалі, што Беларусь з'яўляецца сябрам Энергетычнай хартыі, паводле якой краіна мусіць дазваляць транзіт газа.

Выявілася, што прадстаўнікі беларускай амбасады ў Бельгіі не маюць права праліць святло на сітуацыю, але толькі вышэй стаячыя чыноўнікі.

“Беларускі бок сказаў, што будзе занатоўваць, тады вернецца і будзе абмяркоўваць сказанае Еўракамісіяй. У прыватнасці, прадстаўнікі Беларусі не хацелі каментаваць словы Лукашэнкі пра перакрыццё транзіту праз Беларусь, яны нічога не хацелі казаць пра гэта”, ― адзначыла Марлене Холцнер.

Паводле яе слоў, сітуацыя не да канца ясная, бо частка СМІ паведамляе пра прыпыненне транзіту, іншыя кажуць, што ён дазволены.

Падобная сустрэча прадстаўнікоў Еўракамісіі з расійскімі экспертамі прайшла 21 чэрвеня.

18:08 Лукашэнка параіўся з Аліевым і Назарбаевым наконт "Газпраму"

22 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў тэлефонныя гутаркі з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

Як паведамляе БелаПАН, нагодай стала спрэчка Беларусі і Расіі наконт паставак і транзіту расійскага газу. З Аліевым Лукашэнка дамовіўся пра "далейшую падтрымку кантактаў". Таксама кіраўнікі дзвюх краін абмеркавалі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў кантэксце нядаўняга візіту беларускага лідэра ў Азербайджан.

Кіраўнік Казахстана пацікавіўся ў Лукашэнкі сітуацыяй у Беларусі ў кантэксце спрэчкі з "Газпрамам". Кіраўнік нашай краіны звярнуў увагу Назарбаева на запазычанасць "Газпрама" перад Беларуссю, сума якой нашмат перавышае беларускую частку запазычанасці.

Назарбаеў запрасіў Лукашэнку наведаць Казахстан 4-5 ліпеня для ўдзелу ў мерапрыемствах з нагоды свайго юбілею.

З чыёй ініцыятывы адбыліся размовы паміж кіраўнікамі краін, прэс-служба Лукашэнкі не паведамляе.

17:04 Дональд Туск: Мінск і Масква пакуль ваююць толькі на словах

Ганна Балаховіч, Варшава

Рашэнне Аляксандра Лукашэнкі перакрыць газ, які ідзе ў Еўропу, значна больш зашкодзіць Заходняй Еўропе, чым Польшчы, паведаміў на прэс-канферэнцыі польскі прэм’ер Дональд Туск. Аднак пакуль абяцанні Мінску застаюцца галаслоўнымі.

Дональд Туск: “З таго газу, які ідзе праз Беларусь, Польшча атрымлівае толькі невялікую частку. Таму тэарэтычна перакрыццё трубаправоду беларусамі будзе не толькі польскай, але і агульнаеўрапейскай праблемай. Пакуль што ціск на трубаправодзе не панізіўся. І газ ідзе як і раней. Таму гэтая вайна пакуль адбываецца толькі на словах”.

Дональд Туск таксама супакоіў палякаў, што нават у найгоршым выпадку Польшчы хопіць уласных запасаў газу на многія тыдні.


16:44 Еўракамісію не паінфармавалі пра перакрыццё газу

Ганна Балаховіч, Варшава

Беларускія ўлады дагэтуль не паінфармавалі ЕС пра сваё рашэнне перакрыць падачу газу, распавяла польскаму парталу tvn24.pl прэс-сакратар Еўракамісіі па энергетычных справах Марленэ Хольцнэр. Між тым Брусель яшчэ апоўдні заклікаў Расію і Беларусь не парушаць сваіх кантрактных абавязкаў у сувязі з канфліктнай сітуацыяй.

Марленэ Хольцнэр: “Еўракамісія не атрымала афіцыйнага паведамлення ад беларускіх уладаў аб рашэнні спыніць транзіт расійскага газу ў Еўропу”.
 
Па словах Марленэ Хольцнэр, Еўракамісія знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Мінскам ды Масквой і перабояў ў пастаўках газу не чакае. Аднак спецыяльную сустрэчу на тэхнічным узроўні, прысвечаную магчымым наступствам беларуска-расійскага канфлікту, у Бруселі ўсё ж запланавалі – на вечар 22 чэрвеня.


16:23 "Газпрам" абяцае даставіць газ спажыўцам нягледзячы на перакрыццё транзіту

Нягледзячы на рашэнне Беларусі перакрыць транзіт газу, "Газпрам" абяцае цалкам забяспечыць спажыўцоў у Еўропе і Калінінградскай вобласці.

Расійскі холдынг, па звесткаах РИА "Новости", хоча задзейнічаць альтэрнатыўныя варыянты паставак, у тым ліку транспартаванне праз Украіну і Літву. Акрамя таго, як заявіў афіцыйны прадстаўнік "Газпрама" Сяргей Купрыянаў, расійская кампанія спадзяецца на выкарыстанне запасаў падземных сховішчаў і са спотавага рынку.

Па словах Купрыянава, пацверджанне гатовасці ўкраінскай сістэмы ўжо атрыманае з Кіева. Спажыўцы Калінінграда будуць забяспечаныя праз Літву.


16:11 Масква не прасіла Кіеў пусціць газ у абыход Беларусі

Кіеў не атрымліваў зваротаў пра транзіт расійскага газу праз тэрыторыю Ўкраіны замест Беларусі і не вядзе на гэты конт ніякіх перамоваў, паведаміў БелаПАН пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны.

Так ён пракаментаваў паведамленні пра тое, што Ўкраіна гатовая забяспечыць дадатковы транзіт газу ў Еўропу па сваёй тэрыторыі ў аб’ёме 15-20 мільярдаў кубаметраў.

Украінскія ўлады заявілі пра тэхнічную магчымасць энэргатранспартнай сістэмы Ўкраіны ўзяць на сябе частку беларускага транзіту. Рана казаць пра тое, што Ўкраіна пачне транспартаваць расійскі газ замест Беларусі, удакладніў дыпламат.


15:43 Расійская нафта ідзе праз Беларусь у планавых аб’ёмах

“Транснафта” ажыццяўляе транзіт расійскай нафты праз Беларусь у поўным аб’ёме. Пра гэта РИА Новости заявіў афіцыйны прадстаўнік кампаніі Ігар Дземін.

Па ягоных словах, “усё працуе штатна”, а транзіт па ўсіх кірунках, у тым ліку праз Беларусь, ідзе ў планавых аб’ёмах.


15:27 З-за спынення транзіту газу Мядзведзеў сам стаў камандаваць "Газпромам"

Прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў даў усе неабходныя ўказанні кіраўніку "Газпрому" з нагоды таго, што кіраўнік Беларусі загадаў перакрыць транзіт расійскага газу па тэрыторыі краіны. Пра гэта, па звестках РИА "Новости", паведаміла прэс-сакратарка расійскага прэзідэнта Наталля Цімакова.

Яна дадала, што ў аўторак адбылася тэлефонная гутарка Мядзведзева з кіраўніком "Газпраму" Аляксеем Мілерам.


15:08 Польшча пакуль атрымлівае расійскі газ без перабояў

Ганна Балаховіч, Варшава

Нягледзячы на загад Аляксандр Лукашэнкі перакрыць падачу газу ў Еўропу, Польшча па-ранейшаму атрымлівае блакітнае паліва без перабояў. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратарка дзяржаўнай газавай кампаніі PGNiG Ёанна Васіцкая-Закшэўская.

Закшэўская: “Мы ўвесь час сочым за сітуацыяй. Пакуль мы атрымліваем пастаўкі ў тым памеры, які замаўлялі. Ніякіх заяваў палітыкаў пакуль мы не каментуем. Газ у нас ёсць, і мы верым, што ён будзе ісці і далей”.

Па словах Ёанны Васіцкай-Закшэўскай, ніякай афіцыйнай інфармацыі пра перакрыццё трубаправоду кампанія PGNiG не атрымлівала, а пра намеры Аляксандра Лукашэнкі даведалася толькі з паведамленняў СМІ.


14:51 Расія гатовая пусціць газ у Еўропу праз Украіну

Расія запэўніла Еўракамісію, што выканае абавязанні па газавых кантрактах з краінамі Еўраcаюзу, паведамляе РИА Новости за спасылкай на прадстаўніка Еўракамісіі Марлін Холцнер.

З яе словаў, расійскі бок запэўніў, што будзе прытрымлівацца кантрактаў. Калі Беларусь сапраўды хоча забіраць газ з газаправоду “Ямал”, то Расія будзе пастаўляць газ праз Украіну для Польшчы і Нямеччыны.


14:21 Старшыняў райвыканкамаў мабілізавалі на “газавую вайну”

Старшыні райвыканкамаў Брэстчыны не могуць пакідаць межы сваіх раёнаў. Такое рашэнне прынята аблвыканкамам. Пры ўнітарным прадпрыемстве "Брэстаблгаз" створаны абласны штаб, у рэгіёнах таксама рыхтуюцца да магчымых наступстваў "газавай вайны" з Расіяй, паведамляе Радыё Свабода.

Аблвыканкамам распрацаваны пытанні пераводу некаторых прадпрыемстваў на альтэрнатыўныя віды паліва. Найбольш газу ў вобласці спажываюць Бярозаўская гідраэлектрастанцыя, Жабінкаўскі цукровы завод і малочны завод "Савушкін прадукт". Менавіта гэтыя прадпрыемствы ў выпадку абмежаванняў паставак газу будуць пераведзены на мазут. Запасы яго на згаданых прадпрыемствах ёсць. Тым не менш, пакуль пэўных распараджэнняў не паступала.


14:14 Бутрын: Самы востры адказ Расіі — спыніць пастаўкі нафты

Павел Свярдлоў

Расія можа спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь. На думку загадчыка аддзела эканамічнай палітыкі расійскай газеты "Коммерсант" Дзмітрыя Бутрына, гэта самы жорсткі з магчымых адказаў афіцыйнай Масквы на распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі аб спыненні транзіту газу праз тэрыторыю Беларусі:

Дзмітрый Бутрын: "Я думаю, што наступным крокам расійскіх уладаў можа быць спыненне паставак нафты ў Беларусь. Цалкам. Гэта зробіць уладам Беларусі больш праблемаў, чым любыя іншыя захады. Бо нафтаперапрацоўчыя заводы перастануць не толькі прыносіць грошы, але і забяспечваюць занятасць".

Праўда, на думку сп. Бутрына, да спынення паставак нафты дойдзе наўрад ці. Хутчэй за ўсё, да 1 ліпеня ўрады Расіі і Беларусі ўсё ж дамовяцца аб стварэнні Мытнага саюза на ўмовах, выгадных для Беларусі, і на гэтым газавыя войны паміж дзвюма краінамі скончацца, прынамсі, да зімы.


13:35 Еўракамісія ўстурбавалася газавай вайной між Беларуссю і Расіяй

Еўракамісія ў сувязі газавай спрэчкай паміж Беларуссю і Расіяй можа склікаць экстранае паседжанне Кардынацыйнай групы Еўрасаюза па газе. Гэта тлумачыцца тым, што спрэчка пагражае абмежаваннем паставак транзітнага газу ў Еўропу, адзначае РІА "Новости".

Калі такая нарада адбудзецца, на яе, верагодна, будуць запрошаныя прадстаўнікі абодвух бакоў - расійскага і беларускага.

Як паведамляе агенцтва Reuters, у выніку газавай спрэчкі можа быць закранута 6,25% аб'ёму спажывання газу ў ЕС.


13:27 МЗС Украіны: У газавай вайне Мінску і Масквы мы трымаем нейтралітэт

Украіна займае нейтральную пазіцыю ў расійска-беларускім газавым канфлікце. Пра гэта сёння на брыфінгу ў Кіеве заявіў дырэктар Дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын.

"На палітычным узроўні Ўкраіна абсалютна нейтральная. Мы ніякім чынам не збіраемся ўлазіць у гаспадарчыя канфлікты", — цытуе словы Валошына УНІАН.


13.11 Лукашэнка загадаў перакрыць транзіт газу праз Беларусь

Пра гэта паведаміла агенцтва БЕЛТА з пазнакай "Тэрмінова".

Разам з тым, прадстаўніца Мінэнэрга Людміла Зяньковіч паведаміла, што Беларусь цалкам разлічылася з Расіяй за спажыты нашай краінай у траўні газ. Пры гэтым было вырашана не чакаць пераліку грошай ад "Газпрама" за транзіт расійскага прыроднага газу па беларускай газатранспартнай сістэме і газаправоду "Ямал-Еўропа" у краіны Еўропы.

У цяперашні час створаныя аператыўныя штабы ў "Белэнэрга", "Белпаліўгазе" і "Белтрансгазе". Каардынацыя дзеянняў штабоў ускладзеная на Мінэнерга.

У цяперашні час шэраг электрастанцый Беларусі пераведзеныя на спальванне рэзервовых відаў паліва. Абмежаваная падача прыроднага газу на прамысловыя прадпрыемствы.


13:11 "Газпрам" лічыць Беларусь неплацежаздольнай

"Газпрам" лічыць, што Беларусь не зможа выканаць сваё абяцанне на працягу двух тыдняў - да 5 ліпеня пагасіць запазычанасць за газ. Менавіта таму расійскі холдынг 22 чэрвеня ўзмацніў абмежаванне паставак газу ў Беларусь, заявіў афіцыйны прадстаўнік "Газпраму" Сяргей Купрыянаў.

Па звестках РИА "Новости", "Газпрам" не бачыць ніякіх гарантый таго, што Беларусь заплаціць запазычанасць праз два тыдні.


У Брэсце канфіскавалі 22 расійскія вагоны з вугалем
2010-06-22 12:48:04, Яўген Бяласін
Сёння суд адхіліў пазоў Кузбаскай паліўнай кампаніі і кампаніі “Эксімкоўл” аб зняцці арышту з груза, які чакалі ў Польшчы.


10:28 "Газпрам": Беларусь пагражае забіраць газ з транзітнай трубы

Беларусь пагражае пачаць адбор газу з транзітнага трубаправода для сваіх патрэб. Пра гэта, па звестках РІА "Новости", паведаміў афіцыйны прадстаўнік расійскага газавага холдынгу Сяргей Купрыянаў.

Па яго словах, "Газпрам" атрымаў ліст ад першага віцэ-прэм'ера Беларусі Ўладзіміра Сямашкі. У лісце, па словах Купрыянава, ніякіх прадметных прапановаў аб пагашэнні беларускай запазычанасці няма. Затое там паведамляецца, што ў выпадку далейшага паніжэння паставак газу Беларусь пачне дзеянні па адборы з транзітнай трубы для патрэб эканомікі краіны.


9:43 "Газпрам" абмежаваў газ для Беларусі на 30%

22 чэрвеня "Газпрам" абмежаваў пастаўкі газу Беларусі да 30% ад плану. Пра гэта заявіў кіраўнік расійскага газавага холдынгу Аляксей Мілер.

Па яго словах, якія паведамляе РИА "Новости", за мінулыя суткі Беларусь не пачала ніякіх дзеянняў для пагашэння запазычанасці за пастаўкі газу.

Нагадаем, 21 чэрвеня "Газпрам" абмежаваў пастаўкі газу Беларусі на 15%. Гэтыя абмежаванні плануецца давесці да 85%.


ДЗЕНЬ ПЕРШЫ

18:16 Газпрам не хоча два тыдні чакаць грошай за газ ад Беларусі

"Газпрам" не жадае два тыдні чакаць, пакуль Беларусь пагасіць запазычанасць за пастаўкі газу. Як паведамляе РІА "Новости", 22 чэрвеня працягнецца абмеркаванне сітуацыі па пастаўках газу.

"Газпрам" не выключае новых абмежаванняў паставак, паведаміў афіцыйны прадстаўнік расійскага газавага холдынгу Сяргей Купрыянаў. Па яго словах, абмежаванне ў 15% - гэта толькі пачатак. Наступнае абмеркаванне сітуацыі адбудзецца ў аўторак у 10 гадзін па маскоўскім часе.


16:42 Беларусь абяцае разлічыцца за газ на працягу двух тыдняў

Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімір Сямашка на сустрэчы з вузкім колам журналістаў у Мінску 21 чэрвеня.

Па словах чыноўніка, афіцыйны Мінск гатовы пазычыць грошы, але разлічыцца за газ. "Мы не хаваем: у нас складана з валютай, каб увайсці ў рэжым рэальнага часу і аплачваць газ. Мы мусім пазычаць", — цытуе РІА "Новости" словы Сямашкі.

У сваю чаргу, беларускі бок выстаўляе расіянам сустрэчнае патрабаванне — пагасіць запазычанасць за транзіт газу ў памеры 217 млн долараў.

Тым часам у "Газпраме" заяўляюць, што кошт газу для Беларусі ў трэцім квартале сёлета вырасце. Па падліках супрацоўнікаў расійскага канцэрну, ён складзе 193-194 долары за тысячу кубоў. Нагадаем, што ў другім квартале газ для Беларуі каштаваў 185 долараў.


15:28 Літва атрымлівае расійскі газ у ранейшых аб'ёмах

Пасля таго як Расія скараціла пастаўкі газу ў Беларусь, Літва атрымлівае газ у ранейшай колькасці. Пра гэта агенцтву DELFI паведаміў міністр энергетыкі Літвы Арвідас Секмокас.

Па яго словах, пра становішча з транзітам газу паінфармаваная Еўракамісія, абмяркоўваюцца розныя варыянты на той выпадак, калі будуць праблемы з пастаўкамі газу ў Літву. Адна з магчымасцяў – пастаўкі газу праз Латвію.

Як заявіў міністр, сітуацыя выклікае заклапочанасць, аднак пастаўкі цалкам адпавядаюць дамоўленасці. Таму Літва не лічыць, што трэба рабіць якія-небудзь дзеянні. Ён нагадаў, што падпісаныя доўгатэрміновыя дамовы, па якіх пастаўляюць газ. Невыкананне дамоваў цягне за сабой адпаведныя юрыдычныя ацэнкі.


15:06 "Газпрам" прызнаў запазычанасць за транзіт газу праз Беларусь

Запазычанасць "Газпрама" за транзіт выкліканая тым, што беларускі бок не дазваляе яго пагасіць. Пра гэта, па звестках РІА "Новости", паведаміў афіцыйны прадстаўнік "Газпрама" Сяргей Купрыянаў.

Ён прызнаў, што запазычанасць існуе. Але пагасіць яе "Газпрам" не можа, таму што Беларусь, па словах Купрыянава, не афармляе акты транзіту.

Прадстаўнік "Газпраму" пацвердзіў, што запазычаасць за транзіт супастаўная з запазычанасцю Беларусі за пастаўкі газу (192 мільёны долараў).


13:57 "Якая краіна захоча звязаць патрэбы ў газе з палітычнымі гульнямі Расіі?"

Андрэй Елісееў

Меркаванні замежікаў наконт скарачэння газавах паставак у Беларусь раздзяліліся. Еўрарадыё прапануе вашай увазе некаторыя каментары наведнікаў сайта CNN.

wizk
"Брава, Мядзведзеў! Беларусь сама гэта наклікала. Разумным падыходам было б сядаць за стол перамоваў з больш сяброўскай прапановай. Яўнае невыкананне сваіх абавязкаў – недапушчальнае".

stevenabb
"Расія, гэта цудоўны спосаб разбурыць доўгатэрміновы бізнэс!!! Якая краіна будзе залежнай ад Расіі? З рэкорднай хуткасцю будуюцца газаправоды паміж Еўропай і Блізкім Усходам. Хутка расійскі газ будзе прадавацца па вельмі нізкім кошце з-за няпэўнасці з пастаўкамі. Якая краіна захоча знітаваць свае патрэбы ў газе з палітычнымі гульнямі Расіі?"

adognow
"Паглядзіце на "Нордстрэм" - супольны праект паміж Нямеччынай і Расіяй. Ён спыніць крадзеж прыроднага газу некаторымі былымі савецкімі рэспублікамі-падлізамі. Гэта факт, што яны кралі газ, нават ЕС гэта кажа".

dawnrunn3r
"А мне падабаецца, як гэтае пытанне выступае чыста ў выглядзе палітычнай зброі. Нават 185$ на 50% ніжэй за цану, па якой рэшта Еўропы купляе газ. Беларусі давалі таннейшы газ у абмен на эканамічныя і палітычныя забавязанні, якія яна пазней адмовілася выконваць. Па-мойму, пакараць партнёра, які не выконвае свае абавязкі, – натуральная рэч".

sammarrah
"Цяпер іхны ўзровень суіцыдаў яшчэ больш павысіцца..."

ThinkWinWin
"Гэта толькі пачатк энэргетычных войнаў ва Ўсходняй Еўропе. Пачакайце, і хутка яны пачнуць і за ваду спрачацца".


13:37 Заіка: “Газавая вайна” накіраваная супраць Лукашэнкі

Зміцер Лукашук

На перамовы ў Маскву па пастаўках газу Беларусь дасылае дэлегацыю “нізкага ўзроўню” таму, што ўся гэта “газавая вайна” накіраваная супраць кіраўніка Беларусі. Такое меркаванне выказаў Еўрарадыё эканаміст Леанід Заіка.

Леанід Заіка: “Галоўнае і самае сур’ёрнае пытанне ў новай палітыцы Крамля ў адносінах да аўтарытарных рэжымаў. Крэмль пачаў зараз выкарыстоўваць свае рэсурсы для змены прэзідэнтаў. Гэта адбылося ў Кыргызстане, гэта адбылося ва Ўкраіне, і наступны на чарзе – Аляксандр Рыгоравіч. Ён гэта разумее і таму пасылае дэлегацыі з нізкім узроўнем прадстаўнічым на перамовы. І зараз будуць паказваць усю антыбеларускую існасць Крамля і крамлёўскіх правадыроў. І мы ўбачым новыю палітычную разборку. Праўда, з не самым лепшым вынікам для Аляксандра Рыгоравіча”.

Што тычыцца заяваў Мінску пра запазычанасці “Газпрама” за транзіт газу праз Беларусь у Еўропу, то, кажа Заіка, ён ужо сутыкаўся з такой пазіцыяй раней.

Леанід Заіка: “Я ўжо сутыкаўся з такой пастаноўкай пытання, калі ў нас такая ж праблема была па нафце. І ўзніклі пытанні па праблеме экспартнай пошліны. Размова ішла пра суму ў 1 мільярд 800 мільёнаў долараў. І раптам з’ўляецца паказчык прапампоўкі транзіту нафты роўна на такую ж суму”.

Такую пазіцыю эксперт называе неканструктыўнай. Для таго ж, кажа ён, каб весці канструктыўную размову, трэба пачынаць перамовы з таго, што сабекошт расійскага газу складае 15 долараў за 1 кубаметр. Уся астатняя сума – “навар” “Газпрама”, нічым не матываваны. Але, лічыць Закіка, заплаціць Беларусі давядзецца.

Тым больш, што насельніцтва за газ заплаціла. І ўзнікае пытанне наконт таго, чаму гэтыя грошы не дайшло да “Газпрама”.


12:25 Афіцыйны Мінск абяцае забяспечыць дастаўку газу еўрапейскім спажыўцам

Беларусь стала атрымліваць з Расіі на 15% газу менш, аднак забяспечыць бесперабойны транзіт расійскага газу еўрапейскім спажыўцам. Пра гэта РІА "Новости" заявіла прэс-сакратар міністэрства энергетыкі Беларусі Людміла Зяньковіч.

Нагадаем, што зранку ў панядзелак "Газпрам" абмежаваў пастаўкі газу ў Беларусь з-за назапашанай запазычанасці ў памеры каля 200 мільёнаў долараў. Ліміт абмежавання спачатку складзе 15% ад сутачнай нормы, затым паступова будзе павялічаны да 85%.


11:48 Лаўроў не хоча вырашаць газавую спрэчку з Беларуссю

Пытанне газавай спрэчкі Беларусі і Расіі знаходзіцца па-за кампетэнцыяй МЗС РФ. Гэтым займаюцца энергетычныя кампаніі дзвюх дзяржаваў. Такую заяву зрабіў кіраўнік расійскага замежнапалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў, інфармуе РІА "Новости".

Як заявіў расійскі міністр, дыялог па газавым пытанні паміж Беларуссю і Расіяй грунтуецца на падпісаных кантрактах.

Нагадаем, што сёння, 21 чэрвеня, Сяргей Лаўроў прыбудзе ў Мінск з афіцыйным візітам.


11:32 Украіна гатовая пастаўляць газ у Еўропу замест Беларусі

Украіна гатовая павялічыць транзіт расійскага газу ў Еўропу пры магчымых праблемах з яго пастаўкай праз Беларусь. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцу ва ўкраінскім урадзе.

Так, кампанія "Укртрансгаз" 17 чэрвеня атрымала запыт на адпрацоўку альтэрнатыўных варыянтаў паставак газу "Газпрам экспарту" (даччыная кампанія ААТ "Газпрам").

Чакаецца, што скарачэнне паставак газу праз Беларусь складзе мінімум 6 млн кубаметраў у суткі. "Укртрансгаз" будзе праводзіць аператыўныя нарады па сітуацыі з транзітам газу кожныя дзве гадзіны.

Нагадаем, "Газпрам" сёння зранку абвясціў, што абмяжоўвае пастаўкі газу ў Беларусь на 15%. Далей гэты аб'ём можа быць павялічаны да 85%.


10:24 Чалы: Беларусь можа пачаць адбіраць транзітны газ

Зміцер Лукашук

Скарачэнне паставак у Беларусь расійскага газа на 85% можа завяршыцца несакцыянаванымі заборамі транзітнага паліва, што ідзе з Расіі ў Еўропу. Пра гэта Еўрарадыё заявіў эканаміст Сяргей Чалы, каментуючы скарачэнне паставак газа на 15%.

Сяргей Чалы:
“Зараз атрымліваецца, што абодва бакі пайшлі на прынцып, і аднабаковае спыненне канфлікту будзе азначаць для таго ці іншага боку ў пэўным сэнсе страту аблічча. Стане зразумела, што хтосьці кагосьці перамог. І я баяюся, што справа дойдзе да яшчэ больш цяжкіх момантаў. Калі справа сапраўды дойдзе да перакрыцця альбо несанкцыянаванага адбору транзітных аб’ёмаў...”

Што тычыцца скарачэння паставак газу на 15%, то, кажа Чалы, паколькі летам спажыванне газу скарачаецца, гэта не будзе мець для нашай эканомікі нейкіх заўважных наступстваў. Але калі справа дойдзе да скарачэння паставак на 85%, сітуацыя будзе выглядаць зусім па-іншаму.

Сяргей Чалы: “85% - гэта вельмі крытычна. Гэта будзе азначаць, што будуць працаваць толькі прадпрыемствы жыццязабеспячэння – хлебазаводы, малаказаводы і гэтак далей. Прадпрыемствы няспыннай вытворчасці, накшталт “Гроднаазота”, “Хімвалакна” і шклозавода “Нёман”, куды газ павінен падавацца няспынна, то пытанні іх далейшай працы становяцца вельмі сумнеўнымі”.

На думку Чалага, Беларусь у гэтым канфлікце ад пачатку паводзіла сябе няправільна. Трэба было, лічыць эканаміст, адразу заплаціць 200 мільёнаў долараў запазычанасці, паказаць усім, як Расія лічыць кожную дробную капейку, і стварыць сабе пазітыўны імідж. Зараз, кажа эксперт, прадказаць, чым закончыцца супрацьстаянне, вельмі складана.

Нагадаем, што сёння раніцай Расія скараціла пастаўкі прыроднага газу ў Беларусь на 15%. Падставай стала нявыплачаная запазычанасць на газ у памеры 200 мільёнаў долараў.


10:09 Беларусь пакуль атрымлівае з Расіі газ у поўным аб'ёме

Пра гэта ў панядзелак паведаміў РІА "Новости" начальнік Аршанскага ўпраўлення магістральнага газаправоду Анатоль Янкоўскі.

Янкоўскі заявіў, што на 9.40 па беларускім часе аб'ём пастаўленага ў Беларусь газу адпавядаў аб'ёму мінулага тыдня і ніякіх абмежаванняў заўважана не было.

Па словах аператара Аршанскага ўпраўлення, Смаленская газапампавальная станцыя пацвердзіла беларускім калегам, што газ пакуль ідзе без абмежаванняў.


09:43 "Газпрам" абмежаваў пастаўкі газу ў Беларусь на 15%

Як паведамляе РІА "Новости", ліміт абмежавання спачатку складзе 15% ад сутачнай нормы, затым ён паступова будзе павялічаны да 85%. Пра гэта заявіў кіраўнік расійскага газавага холдынгу Аляксей Мілер на паседжанні аператыўнага штаба.

Па словах Мілера, скончыўся адведзены тэрмін - пяць дзён, які быў дадзены беларускаму боку. За гэты час запазычанасць па пастаўках газу не была пагашаная.

Нагадаем, што "Газпрам" налічыў Беларусі запазычанасць у 192 мільёны долараў. 18 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што не прызнае такой запазычанасці.


Фота: TCH.ua