"Газету Слонімскую" канчаткова выселілі

Незалежная "Газета Слонімская" засталася без памяшкання. Сёння супрацоўнікі рэдакцыі пакінулі офіс.  Еўрарадыё заспела галоўнага рэдактара Віктара Валадашчука акурат у момант пераезду. Нягледзячы на высяленне з офісу рэдактар мае намер і надалей працягваць выхад выдання:

Валадашчук: Па гаражах развозім мэблю, аргтэхніку — па кватэрах. Вось такія справы... Газета будзе выходзіць! сёння мы адначасова рабілі і наступны нумар. У аўторак, мяркуем, выйдзем у свет.

Рэдакцыі дагэтуль не ўдалося знайсці офіс пад арэнду. Таму зараз В.Валадашчук рэгіструе ў сябе на кватэры юрыдычны адрас рэдакцыі. Дзе ж будзе размяшчацца рэдакцыя, пакуль невядома.