"Газпром" пагражае Беларусі перакрыць газ

Масква і Мінск зноў могуць пасварыцца з-за газу. Як паведамляе расійская газета "Ведомости", канцэрн "Газпром" пагражае Беларусі абмежаваннямі, калі тая не выплаціць запазычанасць. Лісты з папярэджаннямі ўжо адпраўленыя ў "Белтрансгаз" і ўрад Беларусі, паведамілі ў "Газпроме". Прамой пагрозы ў іх няма, але канцэрн нагадвае, што можа ўжываць санкцыі па кантракце, у тым ліку абмежаванні на пастаўку.

Як паведамляла Еўрарадыё, згодна з разлікамі "Газпрома", у Беларусі склалася запазычанасць у 137,5 млн долараў за першы квартал. Прычына ў тым, што Беларусь плаціць за газ па $150 за 1000 куб. м. Хаця цана ў I квартале паводле кантракту складае прыкладна $170.

Паводле папярэдніх прагнозаў, сярэднегадавы кошт на расійскі газ складзе $150. На гэта разлічвае афіцыйны Мінск. Расійскія ж чыноўнікі мяркуюць, што сярэднегадавы кошт складзе $185-187.