Генадзь Бураўкін праходзіць рэабілітацыю ў Аксакаўшчыне

14 траўня паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін пераведзены ў Рэспубліканскую клінічную лякарню медыцынскай рэабілітацыі ў пасёлку Аксакаўшчына.
Нагадаем, 16 красавіка 72-гадовы пісьменнік перанёс аперацыю на сэрцы. Яму рабілі шунтаванне. Пасля аперацыі паэт спачатку знаходзіўся ў цэнтры “Кардыялогія”, а затым быў пераведзены ў Рэспубліканскую лякарню Кіраўніцтва спраў прэзідэнта.

У Аксакаўшчыне аднаўленчы перыяд для Бураўкіна будзе доўжыцца да 28 траўня.

Па словах жонкі паэта Юліі Бураўкінай, муж адчувае сябе добра, чытае, глядзіць тэлевізар і паступова ўваходзіць у нармальны рытм жыцця. За ўвагу і клопат паэт выказаў падзяку медыкам, сябрам і ўсім прыхільнікам яго творчасці, перадае БелаПАН.

Нагадаем, сур'ёзныя праблемы з сэрцам з'явіліся ў Бураўкіна пасля інфаркту, які ён перанёс у траўні 2006 года. Тады паэту стала кепска на сустрэчы літаратараў з чыноўнікамі наконт іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў.