Генадзя Бураўкіна выпісалі з лякарні

Паэта і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна 7 лістапада выпісалі з лякарні. Як паведаміла БелаПАН жонка паэта спадарыня Юлія, стан пісьменніка палепшыўся, ён знаходзіцца дома і пачуваецца добра.

Нагадаем, 30 кастрычніка, вяртаючыся дадому пасля чарговай працэдуры ў Рэспубліканскай лякарні Кіраваўніцтва справамі прэзідэнта, 73-гадовы паэт пачуўя кепска і вярнуўся ў клініку. З дыягназам вострая сардэчная недастатковасць ён быў змешчаны ў аддзяленне рэанімацыі, адкуль 31 кастрычніка пераведзены ў кардыялагічнае аддзяленне лякарні.

Сур'ёзныя праблемы з сэрцам з'явіліся ў Бураўкіна пасля інфаркту, які ён перанёс у траўні 2006 года. Тады паэту стала дрэнна на сустрэчы літаратараў з чыноўнікамі з нагоды пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў.