Гендырэктар брэсцкага “Дынама”: Заўтра ў нас будзе заробак

Футбалісты брэсцкага “Дынама”, а таксама трэнерскі штаб і адміністрацыя клуба не атрымалі заробкі і прэміяльныя за ліпень і жнівень. Цяпер каманда пагражае кіраўніцтву забастоўкай і абяцае 20 верасня не выйсці на поле супраць гродзенскага “Нёмана”. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар брэсцкага клуба Эдуард Белямук. Эдуард Белямук:“Усім работнікам клуба, у тым ліку трэнерам, гульцам, бухгалтарам, эканамістам — усім у клубе не плацяць заробак, таму што грошай у клуба на дадзены момант няма на выплату заробкаў”.

Эдуард Белямук адзначае, што нават цяжка высветліць, хто вінаваты ў такой сітуацыі: у клубе пануе анархія.

Эдуард Белямук: “У клубе цяпер такая сітуацыя дзіўная. Сышоў ад нас адзін старшыня праўлення, прыйшоў іншы. Генеральны дырэктар таксама цяпер збіраецца сысці. І таму тут такі элемент анархіі прысутнічае”.

Між тым выязныя матчы каманды аплачваюцца з гарадскога бюджэту. Але грошай хапае толькі на дарогу і размяшчэнне. Каб выжыць, футбалістам даводзіцца пазычаць грошы ў знаёмых або браць крэдыты.

Эдуард Белямук:“Ім трэба карміць сем’і. Яны бяруць крэдыты, у некага пазычаюць і так далей. Словам, у нас не самы высокааплатны клуб”.

Еўрарадыё ўдалося датэлефанавацца да гендырэктара клуба Віктара Масько. Ён паведаміў, што заўтра ўсё выплаціць, але пра падрабязнасці гаварыць не стаў.

Віктар Масько: “Заўтра ў нас заробак будзе. Былі невялікія цяжкасці, але ў прынцыпе яны вырашаюцца”.

Футбалісты кажуць, што такія абяцанні чуюць ад дырэктара штодня. Дарэчы, у чэмпіянаце Беларусі брэсцкае “Дынама” займае 5-е месца, адстаючы ад лідэра на 10 ачкоў.