Гендырэктар Klaipedos nafta: Перамовы аб транзіце нафты зайшлі ў тупік

Перамовы паміж Беларуссю і Літвой аб транзіце венесуэльскай нафты праз Клайпедскі марскі порт зайшлі ў тупік, заявіў у інтэрв'ю літоўскай газеце "Республика" генеральны дырэктар нафтавага тэрмінала Klaipedos nafta Рокас Масюліс, перадае БелаПАН. Паводле яго слоў, бакі не жадаюць адступацца ад сваіх пазіцый. Ключавым патрабаваннем літоўскага боку Масюліс называе доўгатэрміновыя гарантыі бесперабойных паставак. Пазіцыі па цэнах таксама розныя, азначыў дырэктар тэрмінала.

Масюліс распавёў, што без дагавора аб доўгатэрміновых бесперабойных пастаўках абслугоўваць беларусаў было б занадта складана тэхнічна, бо падрыхтоўка да гэтага займае амаль месяц, і яшчэ адзін месяц патрэбен, каб вярнуцца да ранейшага рэжыму. Кошт такіх работ, адзначыў ён, складае каля 145 тысяч еўра.

Масюліс сказаў, што вельмі хацеў бы падпісаць пагадненне ўжо сёлета. Тым не менш не мажа гэта гарантаваць.

Нагадаем, аб транзіце венесуэльскай нафты праз Клайпедскі марскі порт Беларусь і Літва дамовіліся ў пачатку кастрычніка. Чакалася, што ў найбліжэйшыя два гады праз порт Клайпеды будзе штогод транспартавацца не менш чым 2,5 мільёны тон венесуэльскай нафты.

Тым не менш Беларусь і Літва пакуль не падпісалі пагадненне, хаця раней планавалася, што дакумент будзе падпісаны да 1 лістапада.