Генпракурор заклікае змагацца з шумнымі суседзямі

Генпракурор заклікае змагацца з шумнымі суседзямі

Побытавае хуліганства — адна з праблемаў, з якімі сёння належыць сур'ёзна змагацца. Пра гэта журналістам паведаміў генеральны пракурор Аляксандр Канюк, перадае БЕЛТА.

Па яго словах, грамадзяне часта наракаюць на хуліганства суседзяў, у тым ліку на іх шумныя паводзіны. З такой праблемай сутыкаюцца многія гараджане. Можна зразумець, кажа генпракурор, калі адбываецца вяселле ці хрэсьбіны. Але пастаянны шум, п'янства, курэнне з боку суседзяў прычыняюць шмат нязручнасцяў і перашкаджаюць жыць іншым. З такім трэба змагацца, упэўнены Канюк.

"Мы кажам пра тое, што трэба змагацца з гвалтам у сям'і, злачынствамі, забойствамі. Але, гэта так. Але і гэтыя ўяўныя на першы погляд дробныя пытанні, калі суседзі паводзяць сябе шумна, перашкаджаюць людзям жыць, — сур'ёзная тэма. Калі ўначы чалавек не паспіць, то і аб працы не будзе думаць", — выказаў меркаванне генпракурор.

Ён заявіў, што пэўныя меры па вырашэнні гэтай праблемы ўжо выпрацаваныя, але вельмі важна дамагчыся іх ужывання на практыцы.