Гільерма дэль Тора здыме "Хобіта"

Рэжысёр Гільерма дэль Тора вядзе перамовы? каб стаць рэжысёрам дылогіі паводле рамана "Хобіт" Джона Толкіена.
Раней паведамлялася, што дэль Тора быў у шорт-лісце рэжысёраў, якія маглі б узначаліць праект.

Hollywood Reporter адзначае, што мала ў каго з рэжысёраў ёсць такі запал да экранізацыі матэрыялу і павага да першакрыніцы, якая яшчэ і падмацаваная вялікім досведам працы над фантастычнымі карцінамі.

Нагадаю, што дэль Тора здымаў "Лабірынт Фаўна", які атрымаў тры ўзнагароды "Оскар", і фільм "Хрыбет д'ябла".

Дадам, што рэжысёр Пітэр Джэксан, які зняў трылогію "Уладар пярсцёнкаў", стане выканаўчым прадзюсарам "Хобіта".

Планавалася, што Джэксан будзе здымаць кінаверсію "Хобіта", але рэжысёр і кінастудыі, якія валодаюць правамі на экранізацыю "Хобіта", не здолелі вырашыць фінансавыя пытанні.

Пазней прадстаўнікі кінастудый паведамілі, што Джэксан не будзе працаваць над "Хобітам" з-за напружанага графіка здымак, але выступіць выканаўчым прадзюсарам дылогіі.

Пакуль з-за страйку Гільдыі сцэнарыстаў ЗША для праекту не могуць наняць сцэнарыста, але, як толькі гэта здарыцца, праца над сцэнаром пойдзе ў тры галавы: Джэксан і дэль Тора маюць намер удзельнічаць у стварэнні сюжэту карціны разам са сцэнарыстам.

Абодва фільмы, бюджэт кожнага з якіх складзе не менш за 150 мільёнаў долараў, будуць здымацца адначасова ў 2009 годзе.

"Хобіт" павінен выйсці ў пракат у 2010 годзе, а сіквел — у 2011-м.

"Хобіт" Толкіена апісвае падзеі, якія папярэднічаюць "Уладару пярсцёнкаў". Дзеянне другога фільма будзе ахопліваць прамежак у 80 гадоў, якія падзяляюць падзеі ў "Хобіце" і "Уладару пярсцёнкаў".

Фота: www.tolkien-online.com