Гісторык: Дзіўна, калі Нясвіж стане культурнай сталіцай СНД

Так старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч пракаментаваў Еўрарадыё вестку пра тое, што Нясвіж у 2011 годзе стане культурнай сталіцай СНД.
Гісторык лічыць, што для Нясвіжа такі статус прынясе карысць, калі ў горад будуць укладзеныя інвестыцыі. Але ў той жа час, на яго думку, сама ініцыятыва выглядае дастаткова дзіўна:

Астаповіч: "Гэта пойдзе на карысць Нясвіжу. З пункту гледжання гаспадарчага, раскруткі. З пункту гледжання прыцягнення інвестыцый – гэта ўсё добра. Толькі для мяне вельмі загадкава, як Нясвіж, горад-аздоба еўрапейскай культуры, можа стаць культурнай сталіцай СНД. Там, дзе большасць краін паўсталі на азіяцкай культурнай традыцыі. Вось для мяне гэта загадкава".

Нагадаем, што 2011 год у СНД стане Годам гісторыка-культурнай спадчыны. У яго рамках плануецца праект "Культурныя сталіцы СНД". З прапановай зрабіць Нясвіж культурнай сталіцай выступіла беларуская дэлегацыя ў Маскве.