Гітарыст Radiohead атрымаў кінаўзнагароду

Гітарыст Radiohead Джоні Грынвуд атрымаў альтэрнатыўную кінаўзнагароду Kermode Awards за саўндтрэк да фільма "Нафта" Пола Томаса Андэрсана.  Нагадаю, што гэтая ўзнагарода заснаваная вядомым брытанскім кінакрытыкам Маркам Кэрмадам, які асабіста адбірае намінантаў з аўтсайдэраў "Оскара".

Паводле паведамлення сайту Gigwise.com, Грынвуда не дапусцілі на "Оскар" з-за таго, што саўндтрэк да "Нафты" утрымлівае элементы больш ранняй кампазіцыі музыкі "Popcorn Superhet Receiver", якая ўжо выконвалася публічна, а гэта не дазваляецца правіламі кінаакадэміі.

Тым не менш, Грынвуд ужо атрымаў за саўндтрэк да "Нафты" прэміі Critics' Choice Awards і The Evening Standard British Film Awards.

Дадам, што акрамя Грынвуда, падчас цырымоніі Kermode Awards, якая прайшла ў эфіры BBC2, у намінацыі "Лепшы акцёр" быў узнагароджаны Сэм Райлі, які выканаў ролю лідэра Joy Division Ена Кэрціса ў фільме "Кантроль".

Фота: commons.wikimedia.org