Гітарыст The Smiths пераключыўся на фільмы

Экс-удзельнік The Smiths, а зараз гітарыст гурта Cribs Джоні Мар (Johnny Marr) напісаў саўндтрэк для новага фільма рэжысёра Тоні Кранца “The Big Bang”.  Як сцвярджае музыка, па стылістыцы гэты запіс атрымаўся вельмі далёкім ад таго, чым ён займаўся ў складзе былой і цяперашняй каманд.

“Для фільма я напісаў зусім новую музыку. Песні гучаць атмасферна, да таго ж, гэтага эфекту ў мяне атрымалася дасягнуць з дапамогай гітар, без выкарыстання электронікі, - кажа Мар. - Там, дзе іншым спатрэбіўся бы аркестр, мне было дастаткова таго, што было пад рукой”.

Выхад фільма “The Big Bang” чакаецца сёлета ўвосень. Карціна, галоўныя ролі ў якой выканалі Ўільям Фічнер, Антоніа Бандэрас і рэпер Снуп Дог (Snoop Dogg), пазіцыянуецца як трылер з містычным ухілам.

Паводле сюжэта фільма, галоўнаму герою – прыватнаму дэтэктыву – даводзіцца апусціцца на самае дно крымінальнага свету ў пошуках сведкі злачынства, якое ён расследуе.

Фота: virginmedia.com