Гітарыст System of a Down не збіраецца адраджаць гурт

Гітарыст гурта System of a Down Дарон Малакян не жадае, каб гурт ў бліжэйшым часе адрадзіўся зноў. Як заявіў Малакян сайту Gigwise, ён і бубнач Джон Далмаян маюць намер вярнуцца на сцэну з новай камандай Scars On Broadway і паўтарыць поспех сольнага праекту франтмэна System of a Down Сержа Танкяна. Па словах Малакяна, усе былыя ўдзельнікі гурта настолькі захопленыя сваімі новымі планамі, што нават і не думаюць аб уз'яднанні. "Мы не гаворым пра System, не абмяркоўваем яго адраджэнне. Калі гэта некалі і здарыцца, то вельмі-вельмі не хутка", - заявіў Малакян.

Гурт System of a Down быў створаны Танкянам і Малакяном у Лос-Анжэлесе ў 1995 годзе. Усе пяць выпушчаных гуртом студыйных альбомаў сталі плацінавымі.

У траўні 2006 года каманда абвясціла, што сыходзіць у працяглы адпачынак. Пры гэтым гаварылася пра тое, што гэта зусім не азначае распад System of a Down.

Апошні выступ гурта адбыўся 13 жніўня 2006 года ў Фларыдзе, пасля чаго Серж Танкян абвясціў, што жадае заняцца сольнай кар'ерай. У 2007 годзе Танкян выпусціў свой першы сольны альбом Elect The Dead.

Фота: www.ganjafoto.ru