“Глабальнае пацяпленне-2”: міні-фэст з вялікімі мэтамі

Пад лозунгамі “Усё будзе добра, усё будзе гуд” і “Хочаш зрабіць добра – зрабі гэта сам!” 18 чэрвеня ў сталічным “Рэактары” адбудзецца міні-фэст “Глабальнае пацяпленне-2”. Па словах ідэолага і галоўнага арганізатара фестывалю – фронтвумэн гурта “По глазам” Стасі, фестываль мае стаць пачаткам вялікага фестывальнага руху ў Беларусі.

Стася: “Як музыка, я ведаю, што ў нас няма добрага музычнага руху. Ёсць, вядома, нейкія канцэрты і фэсты, але хочацца разнастайнасці, і пастаянна нечага новага. Таму я ўношу сваю лепту, і спадзяюся, што гэта будзе пачаткам вялікіх фестываляў у нашай краіне”.

Сярод удзельнікаў сёлетняга міні-фэсту гурты Litesound, Rahis, Rokkeepers, “По глазам” і невядомы шырокай публіцы гурт The Pure. Стася бачыць сваёй місіяй прасоўванне маладых гуртоў, а таксама марыць вырваць гурт Litesound з беларускага тэлебачання і пагрузіць яго ў атмасферу рок-тусоўкі.

Стася: “Litesound – хлопцы, якіх мне вельмі хочацца перацягнуць з беларускага тэлебачання ў рок-тусоўку, якая, на мой погляд, ім больш пасуе. У нас жа на дзяржузроўні ўсе гэтыя перадачы, і гэтыя бедныя Litesound туды зусім не ўпісваюцца і не глядзяцца там. На нейкіх конкурсах яны… Я лічу, што іх месца – больш у атмасферы рок-н-рола, у фестывальнай атмасферы, чым у конкурснай”.

Гурт “По глазам”, які апошнім часам рэдка выступае, пакажа на канцэрце новыя песні і загучыць па-новаму, як запэўнівае Стася. Апроч сэтаў гуртоў, арганізатарка імпрэзы абяцае шоў вядучага паміж выступамі каманд і шмат сюрпрызаў.

Нагадаем, першы міні-фэст “Глабальнае пацяпленне” адбыўся ў лютым 2006 года. У ім узялі ўдзел гурты “По глазам”, “Нео” і “Без Білета”.

Такім чынам, 18 чэрвеня, 18.00, Рэактар, міні-фэст “Глабальнае пацяпленне-2”. Кошт квітка – 15 тысяч (разам з кактэйлем).

Фота: www.odnoklassniki.ru