Глабальнае пацяпленне на карысць беларусам?

Дзякуючы павышэнню сярэдняй тэмпературы Беларусь з часам зможа вырошчваць больш "трапічныя" культуры. А вось прагнозы надвор'я будуць усё менш праўдзівыя.
Глабальнае пацяпленне — гэта рэальная з’ява, пераконваюць амерыканскія навукоўцы ў апублікаваным днямі рапарце “Стан клімату за 2009 год”. Як сведчаць даследаванні з 48 краін свету, ледавікоў застаецца ўсё менш, паветра становіцца больш вільготным, а тэмпературны слупок паўзе ўгару. 

Глабальнае пацяпленне не абышло і Беларусь. Сярэднегадавая тэмпература ў нашай краіне ўжо паднялася на 1,1 градусы. А рэзкая змена надвор’я днямі ў Беларусі — з анамальнай спёкі да ліўняў і навальніц — таксама можа быць вынікам глабальнага пацяплення, хоць і не наўпрост, паведаміла Еўрарадыё галоўны сіноптык Гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.

Вольга Фядотава: “Парушаецца звычайная накіраванасць паветраных масаў з захаду на ўсход, і адзначаецца часцей з поўдня на поўнач. Узнікаюць такія небяспечныя з’явы надвор’я і рэзкія яго змены”.

Паветраныя масы з розных накірункаў сустракаюцца якраз над тэрыторыяй Беларусі. А глабальнае пацяпленне толькі падагравае іх “бойку”. Аднак баяцца анамальных з’яваў не варта, лепш проста прызвычаіцца, бо ў будучыні іх можа стаць больш, кажа Вольга Фядотава.

Вольга Фядотава: “Мы знаходзімся на падзеле паветраных масаў. Іх супрацьстаянне якраз над Беларуссю адбываецца. І ў выніку вось гэтыя частыя дажджы, навальніцы, шквалісты вецер і ўсе гэтыя непрыемныя з’явы. Так здараецца перыядычна. Але ў выніку глабальнага пацяплення гэта можа здарацца часцей”.

Але загадзя прадугледзець такія раптоўныя змены надвор’я будзе амаль немагчыма, паведаміла Еўрарадыё прафесар кліматалогіі Варшаўскага універсітэта Эльвіра Жмудзка. Прычым не толькі з-за глабальнага пацяплення. Як заўважылі заходнія навукоўцы, атмасфера як быццам спецыяльна хоча заставацца непрадказальнай. 

Эльвіра Жмудзка: “Некаторыя навукоўцы ўвогуле думаюць, ці будзе магчыма ў будучыні прагназаваць надвор’е. Справа ў тым, што атмасфера, здаецца, мае такую тэндэнцыю да хаатычных паводзінаў. Некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што для даследавання атмасферы трэба карыстацца тэорыяй хаоса”. 

Усе апытаныя Еўрарадыё эксперты згаджаюцца ў адным — панікаваць рана. Анамальная спёка і гвалтоўныя навальніцы былі і да глабальнага пацяплення. Тэмпература ў нашай краіне сёлета не пабіла рэкорд з 1936 года, калі слупкі тэрмометраў у Беларусі паказвалі ажно 38 рысачак. Хаця сёлетні ліпень увойдзе ў гісторыю як адзін з найцяплейшых. 

Да таго ж нават у глабальным пацяпленні можна знайсці свае плюсы, кажа загадчыца аддзела клімату Гідраметэацэнтра Алена Камароўская. Цяпер мы можам вырошчваць больш “трапічныя” культуры. 

Алена Камароўская: “Відаць, цяпер можна з меншай небяспекай вырошчваць нейкія культуры, якія раней высаджваць было рызыкоўна. Ацяпляльны сезон стаў карацейшы. Таму сродкаў на ацяпленне ідзе менш. Але затое можа ўзрастаць расход грошай на кандыцыянер”.

А пакуль у нашай краіне пачнуць масава вырошчваць бананы ды ананасы, навукоўцы распрацуюць новую тэорыю пра глабальнае пацяпленне. Дарэчы, яе падмуркі ўжо існуюць. Амерыканскія эксперты з Геафізічнага аб’яднання абвясцілі, што клімат змяніўся яшчэ 15 тысяч гадоў таму, калі людзі пачалі паляваць на мамантаў.


Фота: webcommunity.ru