Гомельшчыне вярнулі электрычнасць праз тыдзень пасля паломак

У Гомельскай вобласці цалкам адноўлена энергазабеспячэнне населеных пунктаў. Кропкавыя адключэнні ў выходныя дні таксама выпраўленыя, паведамляе БЕЛТА. Нагадаем, што ў выніку перападу тэмпературы паветра зранку 11 студзеня ў рэгіёне адбылося абледзяненне ліній электраперадач, што прывяло да іх абрыву і абвальвання апор. У выніку без электрычнасці засталіся 285 населеных пунктаў у 10 раёнах вобласці. Аднаўленчыя працы, у якіх прынялі ўдзел больш за паўтысячы чалавек, вяліся кругласутачна аж да 15 студзеня, калі пераважная большасць спажыўцоў атрымала электраэнергію. Кропкавыя адключэнні вёсак, якія фіксаваліся ў выходныя дні, удалося хутка выправіць.

На цяперашні момант энергазабеспячэнне населеных пунктаў Гомельшчыны цалкам адноўленае. Тым часам, працягваюцца рамонтныя працы на пашкоджаных участках. Энэргетыкам давядзецца замяніць каля 250 апор ліній электраперадач, разбураных у выніку абледзянення сетак.