Гомельскага таксіста будуць судзіць за падараваныя на вяселлі грошы

Да сямі мільёнаў рублёў штрафу можа быць накладзена на гомельскага таксіста Канстанціна Жукоўскага. Падаткавікі лічаць, што ён парушыў прэзідэнцкі дэкрэт, бо своечасова не паведаміў пра атрыманую з Украіны “замежную бязвыплатную дапамогу”.  На вяселлі Жукоўскага ў 2005 годзе ўкраінскія сваякі яго жонкі падаравалі 2 тысячы долараў. Самае нечаканае ў гэтай гісторыі – пра грошы іх уладальнік паведаміў у падаткавую інспекцыю сам.

Нядаўна падаткавікі зацікавіліся, адкуль у Канстанціна Жукоўскага з’явіліся грошы на набыццё машыны, дома, аплату камунальных і запатрабавалі, каб ён запоўніў дэкларацыю аб прыбытках за апошнія 7 гадоў. Па парадзе знаёмага юрыста ён і паведаміў у пісьмовай форме пра падарунак, не ведаючы пра існаванне дэкрэта.

Цяпер Жукоўскі ў роспачы. Вось што ён сказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё:

“Вельмі жахліва. Усё, што мне падаравалі, канфіскоўваецца. І штраф ад 50 да 200 базавых. Гэта вельмі вялікі штраф, не ведаю нават, што рабіць. Давядзецца збіраць грошы…”.

Адзначым, што Канстанцін Жукоўскі вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю, бярэ ўдзел у аргкамітэце па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Летась удзельнічаў у збіранні звестак пра знойдзенае пад Гомелем масавае пахаванне ахвяраў НКВД.