Гомельскім школьнікам вярнулі льготы на праезд

Следам за Мінскам бясплатны праезд для школьнікаў у грамадскім транспарце ўвялі ў Гомелі. З 14 снежня гомельскія школьнікі атрымалі права бясплатна карыстацца аўтобусамі і тралейбусамі. Для гэтага ім трэба прад'явіць даведку са школы або дзённік вучня.

Як вядома, пра вяртанне гэтай ільготы школьнікам згадаў Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе. Мясцовыя ўлады ў шэрагу гарадоў успрынялі гэта як загад і ўжо ўзяліся за яго выкананне. Хаця прававых падставаў для гэтага пакуль няма, адпаведны загад прэзідэнта яшчэ не прыняты.

Вось і ў Гомелі бясплатны праезд для школьнікаў увялі вусным распараджэннем старшыні гарвыканкама. Пра гэта паведаміў БелаПАН начальнік аддзела транспарту, камунікацый і экалогіі Гомельскага гарвыканкама Вячаслаў Пятроў.