Гомельскія прадпрымальнікі адмаўляюцца пераплачаваць за арэнду

Кіраўніцтва прадпрыемства "Сабіна", якое з'яўляецца ўладальнікам гомельскага рынку "Прудкоўскі", звярнулася да старшыні аблвыканкама Аляксандра Якабсона са скаргай на прадпрымальнікаў. У дакуменце сказана, што многія арандатары дагэтуль уносяць арэндную плату з тым павышаючым каэфіцыентам, які страціў сілу 28 лютага 2007 года, гэта значыць адмаўляюцца прызнаць новыя стаўкі арэнднай платы, сфарміраваныя на падставе распараджэння старшыні аблвыканкама.

Адміністрацыя рынку звяртае ўвагу, што некаторыя члены савета індывідуальных прадпрымальнікаў "не толькі самі адмовіліся ад унясення арэнднай платы па новых стаўках, але і заклікаюць да гэтага іншых прадпрымальнікаў". У сувязі з гэтым кіраўніцтва "Сабіны" просіць Якабсона "прымусіць" прадпрымальнікаў аплачваць арэнду па больш высокай стаўцы.

Па старой стаўцы арэндную плату ўносяць каля ста прадпрымальнікаў. Свае дзеянні яны матывуюць тым, што адміністрацыя рынку паступае незаконна і парушае свае ж дагаворы, павышаючы арэндную плату.

БелаПАН