Гонка ўзбраення і рэкорднае падзенне еўра
Пра што пішуць еўрапейскія газеты — у аглядзе Еўрарадыё.
Еўрапейскія перыядычныя выданні занепакоеныя ўзмацненнем напружання паміж ЗША і Расіяй. Аглядальнік The Guardian Джуліян Боргер піша пра тое, што пастаяннае павелічэнне рознагалоссяў між Масквой і Вашынгтонам можа прывесці да небяспечнага саперніцтва паміж дзвюма краінамі з самымі вялікімі запасамі ядзернай зброі.
Напружанасць выйшла на новы ўзровень пасля заявы ЗША пра магчымасць прыняць меры ў адказ на тое, калі Расія стане распрацоўваць новую крылатую ракету. Вашынгтон заявіў, што гэта парушае адну з асноўных дамоваў пра кантроль над узбраеннямі часоў халоднай вайны. Ёсць імавернасць, піша брытанскі аглядальнік, што амерыканскія крылатыя ракеты вернуцца ў Еўропу пасля 23-гадовай адсутнасці.
Пра магчымасць новай гонкі ўзбраення паміж Расіяй і ЗША пішуць і на галоўнай паласе польскай Rzeczpospolita.
На старонках газеты прыводзіцца меркаванне амерыканскай разведкі пра тое, што Масква знаходзіцца на шляху да распрацоўкі надзвычай магутных атамных падводных лодак. Іх магчымасці па знішчэнні будуць, верагодна, нават большыя, чым тых, што стаяць на ўзбраенні ВМС ЗША.
Больш за тое, Вашынгтон перакананы, што цяпер расійскія падводныя лодкі, што патрулююць Атлантыку, пераабсталяваныя ядзернымі боегалоўкамі, нягледзячы на тое, што абедзве краіны абавязаліся вывесці такую зброю.
Журналісты газеты мяркуюць, што пашырэнне ядзерных арсеналаў павінна кампенсаваць слабасць узброеных сілаў Масквы, а таксама дапамагчы Расіі перажыць перыяд глыбокага эканамічнага крызісу.
А вось літоўскія інфармацыйныя парталы пільна сочаць за тым, як адбываецца пераход краіны на адзіную еўрапейскую валюту.
З раніцы 2-га студзеня да вечара 4-га ў паштовых аддзяленнях Літвы мясцовыя жыхары памянялі на еўра 83 млн літаў, з іх у нядзелю — 22 млн літаў, піша lrt.lt.
Кіраўнік сеткі “Літоўскай пошты” Інга Дундуленэ распавяла выданню, што ў нядзелю больш за ўсё людзей прыходзіла на пошту ў невялікіх гарадах і населеных пунктах.
Дзелавая газета Verslo zinios апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком Банка Літвы Вітасам Васіляўскасам. Ён адзначыў, што не заўважыў асаблівых непаразуменняў у першыя дні пераходу на адзіную еўрапейскую валюту. А таксама тое, што, верагодна, у бліжэйшыя дні еўра выцісне з абароту літы.
Тым часам нямецкае выданне Die Welt адзначае, што еўрапейская валюта ў панядзелак, 5 студзеня, апусцілася да мінімальнага ўзроўню з сакавіка 2006 года. Сёння на таргах за адзін еўра даюць 1,2097 долара.
Амерыканская валюта, у сваю чаргу, дасягнула дзевяцігадовага максімуму. Умацаванне долара пацягнула за сабой далейшае падзенне коштаў на нафту. Раніцай 5 студзеня на азіяцкіх рынках кошт нафты амерыканскай маркі WTI апусціўся да $51,5 за барэль, а еўрапейскай маркі Brent — да $55,38 за барэль.
Аднак, мяркуюць эксперты на старонках газеты, зніжэнне курсу еўра і цэн на нафту мусіць прывесці да росту попыту на нямецкія тавары. Чакаецца, што гэта прывядзе да павелічэння паказчыка росту нямецкай эканомікі на 0,3 працэнта.
Іспанская прэса адзначае імклівае паніжэнне ўзроўню беспрацоўя. У снежні беспрацоўных стала амаль на 65 тысяч менш. А за ўвесь мінулы год колькасць людзей без працы скарацілася на 254 тысячы. Такім чынам, узровень беспрацоўя панізіўся з 27% да 23,6%, адзначае La Vanguardia.
Пры гэтым сёлетняя сітуацыя адрозніваецца тым, што цяпер сапраўды пачалі з’яўляцца працоўныя месцы. Новыя вакансіі з’явіліся ў сферы паслугаў, будаўніцтве і прамысловасці. У сельскай гаспадарцы ж беспрацоўе працягвае расці.