Горад у Каталоніі пасля выбуху накрыла таксічнае аранжавае воблака (відэа)

Над горадам Ігуалада ў іспанскай аўтаномнай вобласці Каталонія павісла таксічнае аранжавае воблака. Як паведамляе ВВС, яно ўтварылася пры аварыі на хімічным заводзе кампаніі Simar. У горадзе, які знаходзіцца за 60 км на паўночны захад ад Барселоны, жывуць 65 тысяч чалавек.

Зранку ў чацвер на заводзе адбыўся выбух азотнай кіслаты, ад якога пачаўся пажар і ўзнікла воблака. Пры аварыі пацярпелі тры чалавекі — іх даставілі ў лякарню з лёгкімі апёкамі.

Улады рэкамнедавалі мясцовыя жыхарам не выходзіць з дамоў і зачыніць вокны. Пазней рэкамендацыі пакінулі толькі для дзяцей, старых і людзей з рэспіраторнымі захворваннямі.

Спецыялісты кажуць, што воблака паступова рассейваецца, аднак усё залежыць ад умоваў надвор'я.

Фота Reuters і з сацыяльных сетак