Грамадзянская супольнасць заклікае ўлады спыніць пераслед і насілле

Форуму грамадзянскай супольнасці праграмы "Усходняе партнёрства", дзе асудзілі жорсткі разгон дэманстрацыі 19 снежня і заклікалі ўлады вызваліць з-пад варты ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў, а таксама спыніць палітычна матываваны пераслед грамадзян.

Сярод падпісантаў адкрытага звароту — прадстаўнікі 27 праваабарончых, экалагічных і адукацыйных НДА, у тым ліку Міжнароднай хельсінкскай асацыяцыі па правах чалавека, асветнай установы "Цэнтр прававой трансфармацыі", ГА "Экадом", экалагічнага таварыства "Зялёная сетка" і інш.

Аўтары звароту расцэньваюць жорсткі разгон мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску як "грубейшае парушэнне дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека".

"Мы заклікаем структуры і супрацоўнікаў дзяржаўнай улады і кіравання спыніць тэндэнцыйнае асвятленне падзей 19 снежня і тым самым спыніць распальванне варожасці ў грамадстве; вызваліць з-пад варты ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, членаў іх выбарчых штабоў і іх прыхільнікаў; спыніць палітычна матываваны пераслед грамадзян, якія ўдзельнічалі ў мірнай акцыі пратэсту; забяспечыць аб'ектыўнае і дакладнае расследаванне з удзелам міжнародных экспертаў абставінаў правакацыйных дзеянняў каля Дома ўрада; утрымацца ад публічных заяў аб вінаватасці або дачыненні да масавых беспарадкаў да заканчэння следства і суда", — гаворыцца ў звароце.

Адкрыты зварот адрасаваны ўладам і грамадзянам Беларусі і размешчаны для падпісання на сайце міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь".