Green Day абвясцілі назву новага альбома

Амерыканскі панк-гурт Green Day абвясціў назву і дату выхаду новага альбома, паведамляе NME. Восьмая студыйная кружэлка Green Day пад назвай "21st Century Breakdown" выйдзе ў траўні 2009 года. Песні альбома будуць падзеленыя на тры "акты" - "Act 1: Heroes And Cons", "Act 2: Charlatans and Saints", "Act 3: Horseshoes and Handgrenades". Мяркуецца, што ў плыту ўвойдуць 16 кампазіцый.

Прадзюсарам запісу стаў Бач Віг, вядомы па сваёй працы над альбомамі "Nevermind" Nirvana, "Dirty" Sonic Youth, "Siamese Dream" Smashing Pumpkins, а таксама запісамі Garbage, чыім бубначом ён з'яўляецца.

8 лютага Green Day прынялі ўдзел у цырымоніі ўручэння "Грэмі", дзе абвясцілі пераможцаў у намінацыі "Альбом года" - імі сталі, нагадаем, Роберт Плант і Элісан Краўс з кружэлкай "Raising Sand".

Апошняя кружэлка Green Day "American Idiot" выйшла ў 2004 годзе і атрымала "Грэмі" у намінацыі "Лепшы рок-альбом". У 2007 годзе ўдзельнікі гурта стварылі сайд-праект Foxboro Hot Tubs. Пад гэтай назвай увесну 2008 года яны выпусцілі кружэлку "Stop Drop and Roll!!!" і далі некалькі канцэртаў.

Фота: www.daymusic.ru