Green Day падаліся ў паўэр-поп

Каліфарнійскія панк-рокеры Green Day падзяліліся некаторымі падрабязнасцямі працы над сваім новым альбомам, які стане іх першым рэлізам за апошнія чатыры гады. У адным з нядаўніх інтэрв'ю вакаліст трыа Білі Джо Армстронг (Billie Joe Armstrong) намякнуў, што музыкі здзівяць прыхільнікаў зменай стылю: новыя песні гурта нібыта будуць вытрыманыя ў ключы «паўэр-поп».

«Мне па-чартоўскі падабаецца сядзець над аранжоўкамі, – заявіў Армстронг. – Вельмі цікава ўзяць за аснову нешта класічнае – гэта можа быць што заўгодна, ад The Creation і The Who да The Beatles і The Jam – і паспрабаваць пашырыць ідэю таго, што прынята зваць трохакордным рубілавам. Нашая мэта – выйсці за звыклыя рамкі і запісаць нешта сапраўды  добрае».

Прадзюсарам запісу выступае знакаміты прадзюсар Батч Віг (Butch Vig), які стаяў за саўндам легендарнага альбома Nirvana «Nevermind» (1991).

Рэліз паслядоўніка альбома 2004-га года «American Idiot» плануецца на лета будучага года. Новая плыта стане восьмай ў дыскаграфіі Green Day.

Фота: www.celebrities.crazys.info