Гродна наведалі аматары мовы эсперанта (фота)

Экскурсія “Слядамі Людвіка Заменгофа” прайшла ў рамках святкавання 100-годдзя руху эсперантыстаў у Беластоку. 30 траўня Гродна наведалі паўсотні сябраў “Беластоцкага таварыства эсперантыстаў”. У цэнтры іх ўвагі быў дом № 5 па вуліцы Кірава, дзе пэўны час жыў стваральнік эсперанта Людвік Заменгоф. Тут з 1893 па 1897 гады аўтар самай папулярнай штучнай мовы працаваў акулістам.

У экскурсіі удзельнічаў намеснік прэзідэнта Беластока Аляксандр Сасна. Вось што ён сказаў Еўрарадыё:

"Мне сімпатычны эсперантысты сваёй надзеяй паразумення ўсіх людзей на свеце. У нас кажуць, што як хочаш рабіць бізнес — вучы англійскую, а хочаш мець шмат сяброў — вучы эсперанта".


Адзначым, што жыхары Беластока заснавалі таварыства эсперантыстаў роўна 100 гадоў таму. Летась у горадзе прайшоў Сусветны кангрэс прыхільнікаў эсперанта. У дадзены момант сябры таварыства распрацоўваюць праект, які мусіць пераканаць камісію Еўрасаюза ў тым, што Беласток мусіць стаць еўрапейскай сталіцай культуры ў 2016 годзе. Адзін з галоўных аргументаў — папулярная ва ўсім свеце мова створана менавіта тут.  


Сімвал руху эсперантыстаў — зялёны сцяг з белай зоркай. Зялёны колер — колер надзеі, зорка азначае пяць кантынентаў, дзе размаўляюць на эсперанта.

Многія гістарычныя будынкі па вуліцы Кірава, у тым ліку дом Заменгофа, ужо шмат год знаходзяцца на “рэканструкцыі” і зацягнуты сеткамі.