Гродна становіцца "форткай" у Еўропу

Гродна з беларускага “акна ў Еўропу” паволі ператвараецца ў звычайную фортку, якая, і тое, адчыняецца толькі часам і для абраных.
На днях гродзенскі чыгуначны вакзал увёў абмежаванне на колькасць пасажыраў польскага цягніка "Гродна — Кузніца Беластоцкая" — самы хуткі і зручны спосаб патрапіць на заходні бок мяжы.

Калі раней у цягніку магло ехаць роўна столькі людзей, колькі ён можа змясціць, то паводле новых правілаў — не больш за 220 чалавек. Менавіта столькі месцаў па інструкцыі мае “спіртавоз”, як гэты цягнік называюць гродзенцы.

Пасажыры ж з Беларусі дагэтуль даказвалі “далікатную” недаацэнку магчымасцяў цягніка ягонымі вытворцамі.

Як правіла, у цягніку змяшчаліся ўсе жадаючыя патрапіць у Еўропу, колькасць якіх часам перавышала норму ў 2 разы.

Цяпер жа патрапіць у Польшчу змогуць найбольш спрытныя, якія загадзя выкупяць білет. Найчасцей гэта мясцовыя “кантрабандысты”, для якіх мяжа з’яўляецца асноўнай крыніцай прыбыткаў.

Па словах начальніка гродзенскай чыгункі Аляксандра Сакалоўскага, абмежаванне выязных — гэта вымушаны крок. Трываць было немагчыма пастаянную штурханіну і цісканіну ў вагонах.

Пры гэтым начальнік падкрэслівае, што рашэнне прымаў Мінск. А палякі, па словах чыноўніка, гатовыя прычапляць дадатковыя вагоны хоць сёння.

Перамоўны працэс паміж Мінскам і Варшавай зацягваецца. А з Гродна людзі не могуць своечасова вярнуцца з вакацыяў на вучобу ў Польшчу ці, як у выпадку вядомай гродзенскай журналісткі Наталлі Макушынай, паспець на самалёт з Варшавы:

"Мне трэба было патрапіць на самалёт у Варшаву, а сітуацыя складваецца такім чынам, што квіток я магу набыць толькі ў дзень ад’езду цягніка.

І таму, каб патрапіць у Варшаву, мне давялося дамаўляцца з кантрабандыстамі: браць іхнія цыгарэты ды гарэлку, каб яны мне падрыхтавалі месца ў вагоне. Менавіта кантрабандысты на сёння галоўныя ў гэтым працэсе на чыгуначным вакзале.

Гэта сведчыць пра тое, што няма гаспадара на чыгунцы. І нейкія загады, каб людзі з прыгодамі выязджалі".

Але да прыгод беларусы, відаць, ужо прызвычаіліся. Сядзелі на галовах адзін аднаго пасажыры раней, пастаяць у чэргах і пазнаёмяцца бліжэй з кантрабандыстамі цяпер. Бо жаданне патрапіць на той бок мяжы не знікне. Як, зрэшты, і Еўропа.