Гродзенцы просяць Паўла Латушку перагледзець праект аднаўлення Каложы

Арганізатары грамадскіх слуханняў "Рэканструкцыя Каложы: за і супраць" звярнуліся да міністра культуры Паўла Латушкі з просьбай захаваць царкву XII стагоддзя ў цяперашнім выглядзе. Зварот падпісалі старшыня гродзенскай ТБШ Таццяна Канопкіна, дактары гістарычных навук Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч, краязнаўца Андрэй Вашкевіч
Тэкст звароту склалі па выніках грамадскай дыскусіі пра рэканструкцыю Каложы, якая прайшла 23 верасня ў Гродне. 

Эксперты сумняюцца ў якасці арганізацыі будаўніцтва і адукаванасці праекціроўшчыкаў, слушнасці выкарыстання сучасных будаўнічых матэрыялаў і самой ідэі рэканструкцыі сцен, што калісьці абваліліся ў Нёман. Алесь Краўцэвіч гаворыць, што мы не ведаем, як выглядала Каложа ў XII стагоддзі:

"Што бы ні прыдумалі, гэта будзе фэнтэзі! І кожны адукаваны чалавек гэта будзе ведаць".
 
Гродзенцы прапануць як след закансерваваць старажытны помнік у сённяшнім выглядзе і ўзгадніць існуючы план рэстаўрацыйна-аднаўленчых прац са спецыялістамі з ЮНЭСКА. Тым часам архітэктары праекта праз афіцыйны сайт аблвыканкама сцвярджаюць, што Міністэрства культуры ўзгадніла іх план і дазволіла пабудаваць новы прыходскі комплекс.