Гродзенцы спрабуюць пленэрам спыніць разбурэнне Новага Свету

28-29 чэрвеня ў Гродне ў межах кампаніі па абароне гістарычнай спадчыны горада пройдзе грамадская фотаакцыя “Адкрый Новы Свет”. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу жыхароў горада да планаў гарадскіх уладаў па рэканструкцыі гарадскога квартала прыватных забудоваў пачатку ХХ ст., вядомага пад назвай “Новы Свет”.
Акцыю арганізавалі грамадскія арганізацыі і рухі, жыхары горада. Да ўдзелу ў фотапленэры запрасілі прафесіяналаў і аматараў фотасправы. Удзельнікі пленэра адначасова будуць здымаць вуліцы квартала. Жанр здымка кожны выбірае сам: архітэктура, партрэты жыхароў, рэпартаж, фотакалаж, фотакомікс.

Вынікі фотапленэру будуць выдадзеныя на CD, куды ўвойдуць выбраныя работы кожнага з удзельнікаў акцыі, агляд гісторыі фотаздымку ў Гродна, віртуальная карта Новага Свету.

Новы Свет — гэта ціхі гродзенскі квартал са старасвецкімі сядзібамі, помнікамі архітэктуры ў стылях мадэрну, канструктывізму і нэабарока. Гэта адзін з нешматлікіх у Беларусі гарадскі пейзаж пачатку мінулага стагоддзя. Комплекс Новага Свету акрэсліваецца  вуліцамі Горкага – Астроўскага – Дзяржынскага - 17 верасня – Міцкевіча. Тут жылі многія вядомыя людзі, правёў дзяцінства Максім Багдановіч.

Цяпер “Новы свет” Гродна знаходзіцца пад пагрозай знішчэння: мясцовыя ўлады плануюць знесці большасць дамоў. Жыхароў Новага Свету пачалі перасяляць у спальныя раёны горада. Новыя гаспадары, у тым ліку ўрад Масквы, маюць свае планы “ўпарадкавання” гэтага гістарычнага квартала, невядомыя грамадскасці.

Сяргей Апановіч , Еўрарадыё, Гродна