Гродзенец спрабаваў выкінуць жонку з гаўбца
За пагрозу забойствам яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Гродзенскія міліцыянты выехалі на выклік жанчыны, у якой адбыўся канфлікт з мужам. На месцы здарэння аператыўнікі пабачылі, што ў жанчыны на шыі — сляды ад прыдушвання.
Як паведамляе прэс-служба Гродзенскага абласнога ўпраўлення МУС, напярэдадні муж прыйшоў з працы дадому п'яным. Жонка выказала незадаволенасць, што абурыла мужчыну. Гродзенец стаў спаганяць на ёй сваю злосць. Жанчына выскачыла на гаўбец і стала клікаць на дапамогу, што яшчэ болш раззлавала п'янага гродзенца. Ён паспрабаваў задушыць жанчыну і выкінуць яе з гаўбца. На шчасце, гэта ў яго не атрымалася, у выніку канфлікту жанчына атрымала нязначныя пашкоджанні.
Дарэчы, у 2009 годзе мужчына ўжо быў судзімы за хуліганства, але судзімасць у яго пагашаная.
Цяпер яго падазраюць у пагрозе забойствам, што пагражае пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.
Фота: uvd.grodno.by