"Груз 200" прызнаны лепшым расійскім фільмам

На дзесятай цырымоніі ўручэння расійскай нацыянальнай прэміі кінакрытыкі і кінапрэсы "Белы слон" найлепшым расійскім фільмам 2007 года прызнаны "Груз 200" Аляксея Балабанава.
Аб'ява прызёраў і ўручэнне ўзнагарод адбылося ў панядзелак 21 студзеня ў маскоўскім Доме кіно.

Паводле паведамлення "РИА Новости", прыз за "лепшую рэжысёрскую працу" атрымала Кіра Муратава за карціну "Два ў адным".

У гэтай намінацыі яна абыйшла "Груз 200", а таксама фільм Аляксандра Сакурава "Аляксандра" і "Простыя рэчы" Аляксея Папагрэбскага.

Аднак акцёры, якія здымаліся ў карціне "Простыя рэчы", былі адзначаныя ў іншых намінацыях: выканаўцам лепшай мужчынскай ролі прызналі Сяргея Пускепаліса, а прыз за лепшую мужчынскую ролю другога плану атрымаў Леанід Бранявы.

Выканаўцай лепшай жаночай ролі стала Галіна Вішнеўская (фільм "Аляксандра").

Лепшым сцэнарыстам названы Аляксандр Мінадзэ. Фільм па яго сцэнары "Адрыў" стаў першым у намінацыі "Лепшы фільм-дэбют".

Лепшай замежнай карцінай, паводле меркавання кінакрытыкаў, стаў фільм румынскага рэжысёра Крысціяна Мунджыў "4 месяцы, 3 тыдні і 2 дні".

Гэты фільм раней быў адзначаны "Залатой пальмавай галіной" на Канскім кінафэсце ў 2007 годзе.

Фота: www.ogoniok.com