Guns'N'Roses чарговы раз абяцаюць выдаць новы альбом

Амерыканскі гурт Guns N' Roses скончыў запіс свайго доўгачаканага новага альбома «Chinese Democracy» перад Калядамі. Паводле паведамлення брытанскага часопіса Classic Rock, пра гэта расказала мэнэджэр вакаліста гурта Эксла Роўза Бэта Лэбэйс. Яна дадала, што «зараз Эксл вядзе перамовы, каб выдаць дыск».

Аднак Classic Rock мяркуе, што «Chinese Democracy» не можа быць выдадзеная традыцыйным спосабам, прынамсі першапачаткова.

Часопіс перакананы, што Guns N' Roses могуць паўтарыць учынак гурта Radiohead, які выклаў свой новы дыск для платнай запампоўкі ў Інтэрнэце, напісаўшы толькі «плаціце столькі, колькі пажадаеце».

Аднак выданне падкрэслівае, што ўсе гэтыя звесткі не з'яўляюцца пацверджанымі. Іншая крыніца, блізкая да музыкаў рок-гурта, думае, што «Chinese Democracy» не з'явіцца ў продажы на CD да канца лета, каб стаць самым прадавальным альбомам на наступныя Каляды.

Нагадаю, што запіс дыска «Chinese Democracy» цягнецца 13 гадоў.

На яго выданне выдаткавана больш за 15 мільёнаў долараў. Апошні раз Эксл Роўз абяцаў, што дыск выйдзе 6 сакавіка мінулага года.

Фота: www.theage.com.au