Guns'N’Roses судзіцца з інтэрнэт-блогерам
У ЗША арыштаваны інтэрнэт-блогер, якога падазраюць у незаконным выкладванні ў Сетку новых песень Guns'N’Roses .
27 жніўня агенты ФБР арыштавалі нейкага Кэвіна Когіла, якому
прад’яўленыя абвінавачванні ў парушэнні федэральных законаў аб
аўтарскім праве. 27-гадовы Когіл прызнаў, што ў чэрвені гэтага году выклаў на сваім сайце дзевяць яшчэ не выдадзеных песень Guns N’Roses, падрыхтаваных гуртом для размяшчэння на новай кружэлцы «Chinese Democracy».
Праз некалькі дзён файлы былі выдаленыя з сайту, аднак за гэты час іх ужо паспелі скапіраваць тысячы інтэрнэт-карыстальнікаў. Выдавецкая кампанія Guns N’Roses сцвярджае, што дзеянні Кэвіна Когіла могуць зрабіць «значную фінансавую шкоду» у выніку недаатрымання прыбыткаў ад распаўсюджвання альбому.
Папярэдняе слуханне справы Когіла запланаванае на 17 верасня. Зараз ён выпушчаны пад заклад у 10 тысяч долараў.
Калі віна падазраванага ў інтэрнэт-пірацтве будзе даказаная, яму пагражае не толькі адміністрацыйнае, але і крымінальнае пакаранне.
Нагадаем, што Guns N’Roses пачалі працаваць над «Chinese Democracy» дзесяць год таму, але да гэтага часу не спяшаюцца прадставіць вынікі сваёй работы.
Больш таго, на працягу апошніх год выхад гатовага альбому ўжо некалькі разоў адкладаўся. «Дэмакратыю» ужо завуць адным з самых дарагіх рэлізаў у гісторыі шоў-бізнэсу: па некаторых звестках, на яго выдаткавана некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў.
Наступнай «найбольш верагоднай датай» выпуску альбому называюць восень гэтага года.
Фота: www.infomuzyka.p