Гурт Dali прабіваецца на “Еўрабачанне” ад Польшчы

Аргкамітэт “Еўрафэсту” – беларускага адбору на “Еўрабачанне” – пачаў прымаць заяўкі ад выканаўцаў. На жаль, сёлета конкурс пройдзе без удзелу гурта Dali, які, тым не менш, планаваў і плануе прабіцца на “Еўрабачанне”. Распавядае франтмэн гурта Віктар Рудэнка. Віктар Рудэнка: “Так, плануем, але Dali ў гэтым годзе будзе падаваць заяўку на “Еўрабачанне” ад Польшчы. Ад Беларусі не будзем падаваць!”

Прадзюсэр гурта Ігар Знык лічыць, што гэты крок дадасць Dali новых ідэяў, а таксама шанцаў на заваявянне польскіх слухачоў.

Dali – не першыя з беларусаў, якія паспрабуюць скарыць “Еўрабачанне” праз адбор па-за межамі краіны. Тры гады таму спявачка Наталля Падольская выйграла “квіток на конкурс” падчас расійскага нацыянальнага адбору.

У 2006 годзе падчас “Еўрафэсту” назіралася сітуацыя, адваротная сёлетняй. Польская спявачка з беларускімі каранямі Малгажата Анджэевіч спрабавала патрапіць на “Еўрабачанне” праз наш нацыянальны адбор, але спынілася ў паўфінале.