Гурт Dali разгадаў загадкі Зігмунда Фрэйда

Гурт Dali знаходзіцца на парозе выпуску свайго дэбютнага сольнага альбома са шматабяцальнай веснавой назвай "Zагадкі Ziгмунда Fрэйда". Плытка ўбачыць свет ў пачатку красавіка. Гэта "пярчоная" фрэйдаўская тэорыя, палітая гарачым фьюжнам лаціны і дыска з лёгкімі ўкрапленнямі року і нават deep house. Новы альбом выйдзе пад лэйблам West Records.

У альбом увойдуць ужо вядомыя кампазіцыі: "Рыа-дэ-Жанэйра", якая дэбютавала ў фінале нацыянальнага адбору Еўрабачання-2006, скандальная "Грай, гармон", якой прыйшлося доўгі час прабівацца праз снабізм важных асобаў, каб нарэшце пацешыць слухачоў, а таксама "Мар са мной", што ўпершыню прагучала ў паўфінале нацыянальнага адбору на Еўрабачанне-2007. Сярод "загадак Зігмунда" значную частку складуць апошнія хіты.

Cамай вялікай энігмай альбома стане бонус-трэк "Silver Sky" — песня з наступнага эксперыментальнага нью-фанкавага альбома, які выйдзе напрыканцы 2008 – пачатку 2009 году.

Песня "Silver Sky" у двух яе варыянтах паспела ўжо атрымаць шырокі водгук не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Украіне, а таксама ЗША. Альбом Dali "Zагадкі Ziгмунда Fрэйда" пацешыць свежымі рэміксамі на "Грай, гармон" і "Рыа-дэ-Жанэйра". Рэміксы яшчэ ні разу не гучалі ні ў адным радыё-эфіры. Аўтару рэміксаў — профі жанру deep house Алексу Каробачніку — нават прыйшлося на час адкласці працу над уласным музычным праектам EscapePlan, каб надаць новае гучанне ўжо добра вядомым трэкам Dali.

"Я прачытаў "Тэорыю сэксуальнасці" Фрэйда ад коркі да коркі, - кажа лідэр гурта Віктар Рудэнка, - таму магу аб чымсьці заяўляць. Але, вядома, плытка не будзе назідацельным урокам па псіхааналізу, хутчэй, лёгкім веснавым фліртам".

Канцэрт-прэзентацыя дэбютнага альбома гурта Dali адбудзецца 9 красавіка. Сачыце за афішай на нашым сайце!

Фота: www.music.oko.by