Гурт “Зьмяя” вызначыў ГОСТ густа дусту

Некалькі апошніх месяцаў беларускі гурт “Зьмяя” займаўся дзіўнай і нехарактэрнай для музыкаў справай – вызначэннем ГОСТа густа дусту. Эксперыментаваць з папулярнай у савецкія часы атрутай для тараканаў "паўзуны" запрасілі сваіх сяброў з гуртоў “ЕЁ” і “Крамбамбуля” ды яшчэ Віталя Абрамовіча з “Neuro Dubel”. Як вынік – 8 новых песень, з якіх складаецца альбом “Гост Густа Дусту. Частка 1”. Па словах гітарыста “Зьмяі” Уладзіміра Сахончыка, дыск атрымаўся значна цяжэйшы за папярэднюю плытку гурта. “Зьмяя” адмовілася ад традыцыйнай структуры песень – “куплет-прыспеў-куплет-прыспеў”, што не перашкодзіла музыкам расцягнуць кожную песню не менш чым на пяць хвілінаў.

Карацей, густ дусту трансфармаваўся ў 40 хвілін гітарнага мяса, крыху разбаўленага варганам і тамбурынам, якія ніколі не выходзяць з музычнай моды. Яшчэ адна прадказальная кружэлка ад лэйбла БМАgroup, у каталогу якога здаўна пераважаюць менавіта змрочныя і дэпрэсіўныя рэлізы.