Гвалт і рэпрэсіі спыняцца пасля рэферэндуму? Меркаванне эксперта

Гвалт і рэпрэсіі спыняцца пасля рэферэндуму? Меркаванне эксперта

“Пасля рэферэндуму пачнуць “адкручваць гайкі”, сцішацца рэпрэсіі”, — і такое меркаванне цяпер існуе ў беларускім грамадстве. Ці варта разлічваць, што падзеі будуць разгортвацца менавіта так?

— Тое, што адсечка [пачатку адлігі. — Еўрарадыё] адразу пачнецца пасля рэферэндуму, — не, — лічыць эксперт украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч. — Чаму рэферэндум такі важны для Лукашэнкі і яго атачэння? Гэта спроба атрымаць, умоўна кажучы, нейкія лічбачкі быццам бы падтрымкі прапановы прэзідэнта, якія зафіксаваны ў пратаколах. Верыць ці не верыць гэтым пратаколам — гэта справа дзясятая. Такая эрзац-электаральная кампанія ў любой дзяржаве — гэта спроба ўладных элітаў аднавіць параметры легітымнасці.

Таму для Лукашэнкі гэта вельмі важна нават з пункту гледжання ўнутранага працэсу, гульні на сваіх прыхільнікаў і на тых, хто “нейтральны”. Таксама гэта спроба пераламаць негатыўнае чаканне. Маўляў, вось нейкія перамены з’явіліся. І трэцяе, вельмі важнае, — гэта гульня на знешняе поле. Сёння беларускія ўлады фактычна знаходзяцца ў спіралі эскалацыі з палітычным кіраўніцтвам ЕС і ЗША. Гэта азначае, што ні адзін, ні другі бок не можа сабе дазволіць “даць заднюю”, нават каб пажадаў.

— Што такое рэферэндум? Лукашэнка і яго атачэнне могуць сказаць, што “мы казалі пра рэферэндум, мы яго правялі, мы пераможцы”, і цяпер можна гуляць у нейкую лібералізацыю, — працягвае эксперт. — Для еўрапейскіх палітыкаў гэта таксама новыя ўводныя, умовы змяніліся. З’яўляецца новы баланс сіл у Беларусі, і значыць, можна пагаварыць. Прыклад такога падыходу — падзеі ў Венесуэле, дзе фактычна нічога не змянілася. Правялі мясцовыя выбары, на якіх апазіцыя з трэскам прайграла, але еўрапейскія палітыкі сказалі “Венесуэла робіць крок у бок дэмакратыі, давайце працягнем руку дапамогі”.

Калі размова пачнецца, то будуць патрэбныя нейкія сігналы, нейкія крокі. Напрыклад, адпусціць пару палітзняволеных, дзесьці зменшыць ціск і пачаць наступныя працэсы. Наступны працэс у Беларусі, які можа быць выкарыстаны як момант быццам бы дыялогу пра будучыню, — абмеркаванне новага Выбарчага кодэкса, які мусіць быць. І да гэтага мусяць рыхтавацца апаненты [Лукашэнкі. — Еўрарадыё]. Яны мусяць мець свой праект альбо ведаць, за што яны выступаюць.

На кожным з гэтых этапаў магчымы пачатак “гандлю”, дзе афіцыйны Мінск традыцыйна будзе выстаўляць у якасці аб’ектаў “гандлю” сярод іншага палітзняволеных. Гэта проста адсечкі, і такіх магчымасцяў да 2024 года будзе некалькі. Але гэта не азначае, што пачнуцца пэўныя палітычныя працэсы, — падсумоўвае Ігар Тышкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.