Хацько, які злоўжыў уладай, просіць аб паблажцы

Былы начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Генадзь Хацько звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з кампенсацыяй стратаў. У лістападзе 2009 года указам прэзідэнта Хацько быў вызвалены ад пасады і звольнены з органаў унутраных справаў. У лютым 2010 года Генпракуратура распачала на яго крымінальную справу па арт. 242 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) і перадала яе для расследавання ў пракуратуру Гродзенскай вобласці. Пасля чаго Хацько знік.

5 лістапада ён з'явіўся з пакаяннем і заявіў пра гатовасць кампенсаваць шкоду.

Як паведамілі БелаПАН у абласной пракуратуры, расследаванне крымінальнай справы ў адносінах да Хацько завершанае. Страты пакрытыя.

Калі прэзідэнт прыме станоўчае рашэнне па хадайніцтве, крымінальная справа будзе спыненая, калі не — матэрыялы накіруюць у суд.